Псіхалагічны партрэт героя ў рамане-эсэ Наталіі Касцючэнка “Час жніва і час пакаяння”


Псіхалагічны  партрэт героя ў рамане-эсэ Наталіі Касцючэнка “Час жніва і час пакаяння”

19.12.2018                                  Литературная критика


У наш літаратурны клуб  “Спадчына”, які працуе пры гімнзіі, была запрошана Наталія Касцючэнка, вядомы беларускі  празаік.  Яна пазнаёміла нас са сваёй кнігай “Час жніва і час пакаяння”. Тым самым  падштурхнула нас да  цікавай даследчай дзейнасці.

Мы, маладое пакаленне, часта не задумваемся над тымі якасцямі, якія трэба старацца выхаваць у сябе, а ад якіх, магчыма, пазбавіцца. Пазбавіцца шляхам роздуму, памылак, аналізу сваіх учынкаў. Сацыялагічнае  апытанне  падлеткаў нашай 10 паралелі паказала, што для іх прыярытэтамі з’яўляюцца добрыя зносіны з людзьмі, сябрамі, сям’ёй, здароўе, незалежнасць.

Такім чынам, праца робіцца актуальнай, запатрабаванай, цікавай маладому пакаленню.

Мэта працы: даследаванне вобразу сучаснай жанчыны і яго значэння ў маральна-этычным выхаванні падлеткаў і моладзі.

Адно з прызначэнняў літаратуры – выхаванне чытача. Раман Наталіі Касцючэнка дапамагае нам на прыкладзе канкрэтнага  чалавека прасачыць і прааналізваць прыроду, матывы многіх учынкаў чалавека, яго якасцяў і пачуццяў.

Псіхалагічны партрэт героя   – гэта  комплексная псіхалагічная характарыстыка  чалавека. Падобны партэт прызваны паказаць глыбіню ўнутранага свету і перажыванняў чалавека, адлюстраваць паўнату яго асобы.

Галоўная задача, якую ставіць перад сваім творам аўтар, – паказаць грахі чалавечыя праз сябе, на сваім прыкладзе. Тое, пра што піша Наталія Касцючэнка, можна назваць споведдзю — літаpатурна-мастацкім творам або чacткай ягo, у якім аповед вядзецца ад першай асобы,  і апавядальнік пускае  чытача ў самыя глыбіні свайго ўнутранага свету. Тут – напружаная ўнутраная барацьба духу, пошукі сэнсу жыцця, актыўнае спазнанне асобы.

У рамане  з вялікай любоўю намалявана вёска, палеская глыбінка, дзе прайшло ранняе дзяцінства гераіні. Пісьменніца ўмее данесці непаўторную вобразную гучную гаворку людзей гэтага роднага ёй краю, а праз яе — іх характары і псіхалагічны стан.

Для нас, падлеткаў, гэта прыклад сапраўднага патрыятызму, любові да Радзімы, гонару за яе багатую культурную спадчыну. Жывая  і сакавітая мова герояў рамана падкрэслівае  яго нацыянальную значнасць, самабытнасць.

Раман пачынаецца споведдзю дзяцінства, звязанай  з цікавым псіхічным   феноменам – маўчаннем.  Карані яго – у адносінах бацькоў, у той атмасферы, якая акружала дзіця ад нараджэння. Спачатку Наталія прадстае перад намі пяцігадовай дзяўчынкай, якая бачыць неверагодныя сны, што будуць пераследваць яе ці не ўсё жыццё і трывожыць прароцкімі вобразамі. Яна жыве ў вёсцы побач з украінскай мяжой разам з бабуляй і не вельмі хоча жыць у горадзе. Нават збягае ад бацькоў, калі тыя прыязджаюць па дачку, бо ў школу мусяць яе аддаць гарадскую. І ўсё ж маленькую дзяўчынку  вырываюць з вясковага асяроддзя, прывозяць у горад і аддаюць у дзіцячы садок. Адказам на ўсё гэта стала маўчанне – тое самае маўчанне, у якім спляліся ў адзінае  непарыўнае цэлае пратэст, боль і сум па страчаным.

З самага дзяцінста Наталія адчувала ўплыў космау і бачыла ў снах не проста выявы, а ўмела разгадаць іх пасланне. Так, у будучыні голас у снах пастаянна падштурхоўваў Н.Касцючэнка на напісанне асабістай “споведзі”: “… А вось да споведзі мяне падштурхнуў, сапраўды, выключна сон. Яркі, асаблівы, як азарэнне…”

У горадзе Наталія вучыцца ў школе, потым паступае на лесагаспадарчы факультэт тэхналагічнага інстытута, бо на філфак ці журфак забараняе бацька — неаспрэчны аўтарытэт — фізік… Нават пры выбары мужа Наталія Касцючэнка паслухала бацькоў, што пацягнула за сабой нямала наступстваў, апісаных у раздзелах споведзі.

Праблема бацькоў і дзяцей заўсёды была і будзе актуальнай. Як жа  неабходна  для многіх бацькоў  ведаць вось гэты дзіцячы пратэст і як многа значыць разуменне бацькамі дзяцей.

Найбольш шчымлівай, прасякнутай шчырым пачуццём і жалем, але ні ў якім разе не шкадаваннем, з’яўляецца неверагодная частка пра каханне пад назвай “Здрада”. У першым жа сказе Наталія прызнаецца, што да гэтага пра каханне ніколі не пісала, і ёй верыш, верыш да апошняга слова, бо яна распавядае, нічога не ўтойваючы і не шкадуючы сябе, менавіта сябе, пра адносіны са сваімі трыма мужчынамі.

“Не судзі чалавека па вопратцы”. Людзі заўсёды крытыкавалі Фёдара, нават не даючы яму шанцу паказаць сябе з іншага боку. Павел жа, наадварот, здаваўся паважаным, нават ідэальным членам грамадства, але нічога не меў унутры. З гэтага выцякае канфлікт пісьменніцы з бацькамі, якія не заўважалі праўды. Валодзя ва ўсім падтрымліваў жонку, ні ў  чым ёй не пярэчыў і ні ў чым не абмяжоўваў яе свабоду. І ў той жа час поўная адсутнасць у яго мужчынскіх якасцей паступова прывяла яе да горкага разумення сваёй недалюбленасці і адзіноты.

“А што ёсць страсць? Моцнае пачуццё, жаданне, захапленне? Надзвычайная ўзбуджанасць душы? Нястрымныя парывы да неабдуманых учынкаў? Страсці – гэта тое, з чым амаль немагчыма саўладаць”.

"Выціснуць з сябе словы можна, прымусіць напісаць абзац, два і болей, але каб ствараць – патрэбна страсць…” Наталія Касцючэнка магла пісаць і ноччу, і ў непрыемных для таго абставінах, але ж у яе была страсць да таго, чым яна займаецца.

Такая  страсць павінна быць і паміж людзьмі, каб кожную хвіліну быць у захапленні адзін ад аднага, каб нельга было адарвацца ці адысці ад тэмы. Калі страсці няма, хутка наступае сум, ад якога нікуды не збегчы.

"Не ствары сабе куміра", — сказана ў Бібліі. І сапраўды, ці ёсць людзі, вартыя пакланення? А само пакланенне — ці не ад ілюзій яно?”

Людзі на працягу стагоддзяў з апантанасцю стваралі куміраў, затым нярэдка скідалі іх з пастаментаў і расчароўваліся.

Аўтар расказала сумную гісторыю любімай  сяброўкі Ларысы, якая калісьці стала для яе кумірам.

Ствараючы куміра, людзі часцяком губляюць сваё ўласнае «я». Замест самаразвіцця мы абіраем захапленне іншымі людзьмі, якое часам перарастае ў зайздрасць.

У сучаснага маладога  пакалення  сталі папулярныя цынізм, напускная абыякавасць. Падлеткі хаваюць ад навакольных свае сапраўдныя эмоцыі і пачуцці, паказваючы самаздаволеную ўсмешку, маўляў «паглядзіце, які я круты: нічога не адчуваю, мае пачуцці не закрануць, а надзеі не растаптаць». Хто ёсць я? Чаго я хачу? Што на самой справе мяне хвалюе? Людзі абавязаны ведаць адказы на гэтыя пытанні, каб не загразнуць у падмане і ганьбе.

У кожным з нас ёсць станоўчыя якасці: добразычлівасць, гасціннасць, упэўненасць  —з гэтага і будуецца наш гонар. Але ў кожным ёсць і адмоўныя рысы, якія ўсе спрабуюць схаваць ад позіркаў старонніх. У Наталіі яе сваякі бачылі ледзь не ідэальнага чалавека, з якога колькі захочаш можна атрымліваць выгаду, але вось, у адзін момант, вобраз вечна паслухмянай і "гладкай" дзяўчыны знікае, паказваючы ўсім, што яна такі ж чалавек са сваімі заганамі.

І ўсё ж такі нават у акіяне цемры знойдзецца хаця б маленькі праменьчык святла: “Мяне тут больш не любяць, — зразумела я. Але раптам нібыта выбухнула думка: — Не, тут, сярод гэтых людзей, меня любіць адзін чалавек! Мама…” Падчас бацькі — наша адзіная падтрымка, і, калі ўсе абурыліся супраць цябе, яны заўсёды застануцца побач.

Што ёсць час? Прыдуманая чалавекам гісторыя на падставе прыродных змен і дынамічнасці навакольнага асяроддзя. Усяму ў свеце патрэбны парадак, лічыцца ў нас. Так і чалавек прывык заганяць сябе ў рамкі, а потым скардзіцца, крычаць, што яны ў прынцыпе існуюць.

Падчас ітэрв’ю з аўтарам мы задалі пытане: “Вы шкадуеце, што чагосьці не зрабілі ў гэтым жыцці, не сказалі, не былі цвёрдыя ў сваім рашэнні?” Такі адказ атрымалі ад Н.Касцючэнка:

“Вядома, шкадую. Як, напэўна, і кожны смяротны. Чалавек па сваёй прыродзе неідэальны. І я — не выключэнне…”

Актуальнасць праблемы, узнятай у рамане,  абгрунтавана законам духоўнага жыцця, які абвяшчае, што чалавек ніколі не стаіць на месцы — ён ідзе ці наперад, ці назад. Ды менавіта споведзь дае магчымасць перагледзець сваё жыццё і пачаць яго зноў. 

Мы часта задаем пытанне: ці маем права мы судзіць кагосьці за яго памылкі і правалы? «Ніколі не рабі высноў пра чалавека, пакуль не даведаешся прычыны яго ўчынкаў», — справядліва заўважаў старац архімандрыт Ян.

І аўтар прыходзіць да мудрай  высновы: “Ніхто не мае права судзіць, ніхто і ніколі. Акрамя гэтага велічнага і чыстага неба”.

І, канешне, мы атрымалі парады ад Наталіі Касцючэнка:

“Прыслухоўвайцеся да сябе, да свайго ўнутранага «я», не спяшайцеся зрабіць неабдуманы выбар, тым больш навязаны вам… Не падавіце  ў сабе тое, што закладзена першапачаткова прыродай… беражыце ўсё, што вакол вас, заўважайце, і любіце, і мацуйце сваім талентам. Бо… у нас, старэйшага пакалення, пакалення,  якое сыходзіць , мала часу што-небудзь змяніць, а ў вас наперадзе жыццё”.

Кніга Н. Касцючэнка — гэта споведзь, у якой фіксуюцца і поспехі, і няўдачы, пачуццё годнасці переплятаецца з прызнаннем віны. 

Праз сацыялагічнае апытанне падлеткаў мы даведаліся, што паводзіны і выбар сучасных дзяцей менш залежаць ад бацькоў і грамадства, чым раней, і сама Наталія ў сваёй споведзі настаўляе юнага чытача слухаць сябе.

На прыкладзе героя твора мы азначылі: трэба быць у згодзе з самім сабой, ісці па акрэсленным асабістым сэрцам шляху, звяртаць увагу на ўнутраны свет чалавека і шанаваць менавіта яго асобу.

У творы празаіка мы ўбачылі шматгранны вобраз жанчыны. Аналізуючы  сябе, яна тым смым вучыць іншых не рабіць дрэннага, неабдуманага. Эмацыйная экспрэсія ў рамане не пакідае раўнадушным, шмат эмацыянальных перажыванняў кранаюць  чалавека да глыбіні душы, застаўляюць плакаць. А гэта ўжо сведчыць пра вялікае аўтарскае майстэрства.

Наталія апісвае чароўныя краявіды роднага Палесся, самабытнасць гучнай беларускай гаворкі і нацыянальнай культуры праз звычайнае сялянскае жыццё.

Падчас працы над споведдзю пісьменніцы давялося перажыць усё нанова, некаторыя падзеі прымусілі акунуцца ў настальгію, а некаторыя главы пісаць было асабліва цяжка.

Як зазначыла сама аўтар: “Пісала душой, не саромелася  і не баялася болю. Але і не забывала  пра  разумны сэнс. Кніга для мяне значыць нямала. Галоўнае: каб тыя, хто мне дарагі, былі жывыя і шчаслівыя. І, як бы гэта банальна ні гучала: хачу міру на зямлі. І каб у чалавеку ярчэй свяцілася яго душа, а не яго ганарыстасць”.

Вялікі дзякуй, шаноўная Наталія Мікалаеўна, што падштурхнулі нас да роздуму, захапілі нас і трымаеце ў напружанні, дынаміцы думкі. Гэта праца дапамагла нам перагледзець  некаторыя аспекты нашага паўсядзённага жыцця, задумацца над сваім існаваннем. Хочацца жыць, тварыць дабро, слухаць і чуць, глядзець і бачыць, па-свойму, глыбока і шчыра.

Таксама жадаем адзначыць важнасць і неабходнасць працы літаратурных клубаў пры ўстановах адукацыі. Мы вельмі рады, што пры нашай гімназіі № 35 Клуб жыве і працуе. За гэты час да нас завіталі вельмі паважаныя і ганаровыя людзі, якія, безумоўна, паспрыялі нашаму развіццю як асобы, пашырылі кругагляд, захапілі творчасцю! Назапашаны матэрял мы выкарыстоўваем на ўроках, пазакласных мерапрыемствах, пры падрыхтоўцы да алімпіяд. 

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік літаратурнага клуба “Спадчына” пры гімназіі №35 г. Мінска Н. П. ЛОЙКА,

члены клуба “Спадчына”: Бондар Дар’я і Палякова Ганна