Пісьменнік з гарачым сэрцам


Юбілей Анатоля Бензерука

29.01.2019                                                          Новости


Вядомаму жабінкаўскаму гісторыку, краязнаўцу, журналісту, празаіку Анатолю Бензеруку споўнілася пяцьдзясят гадоў. Для пісьменніка гэта ўзрост творчага росквіту, спелай мудрасці, час глыбокай, жывой працы. Але, нягледзячы на ўсе творчыя дасягненні, узнагароды і рэгаліі Анатоля Расціслававіча ў Брэсцкім абласным аддзяленні СПБ называюць Бензеруком-маладым. І не толькі таму, што ён з юнацкім аптымізмам бярэцца за самую складаную творчую справу, а пры ажыццяўленні самых смелых ідэй заўсёды можна разлічваць на яго дапамогу. Напрыклад, без доўгіх роздумаў Анатоль Бензярук згадзіўся стаць складальнікам фаліянту Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, кнігі, пад вокладкай якой сабрана творчасць ажно 58 літаратараў – “Літаратурнай прасторы Брэстчыны”. І здолеў, і ў кароткі час перагледзеў-перачытаў усе набыткі творчай сябрыны, каб выбраць лепшае з лепшага.

Справа яшчэ і ў тым, што Анатоль Бензярук нарадзіўся ў сям’і, дзе прысутнічала духоўная аўра. Яго бацька – вядомы беларускі пісьменнік, прадстаўнік старэйшага пакалення – Расціслаў Бензярук. Творчыя падзеі захлынулі Анатоля з маленства, а дапытлівы розум, беражлівыя, паважлівыя і глыбінныя адносіны да бацькавай працы дапамаглі маладому Бензеруку зрабіць першыя ўпэўненыя крокі ў сур’ёзную літаратуру.

З шаснаццацігадовага ўзросту Анатоль Бензярук выступае ў друку. А пасля заканчэння Гродзенскага дзяржанага ўніверсітэта імя Янкі Купалы гісторык па адукацыі Анатоль Бензярук бярэцца за самую сур’ёзную справу ў літаратуры: за захаванне гістарычнай памяці роднага куточка. У выніку таленавіты пісьменнік выступае сур’ёзным вучоным, які адкрыў сучасніку багатую гісторыка-культурную спадчыну Жабінкаўскага раёна. Так у 1996 годзе пабачыла свет першая кніга пісьменніка “Наш край – Жабінкаўшчына”, пасля якой выйшла з друку цэлая серыя кніг, прысвечыных гістарычным падзеям і памяці роднай зямлі. У 2009 годзе ў выдавецтве “Літаратура і мастацтва” пабачыла свет кніга “Свята для сэрца” з невялікімі гісторыямі для юных беларусаў. Метафарычная назва зборніка сапраўды гаворыць аб самай галоўнай якасці пісьменніка: Анатоль Расціслававіч здолеў падабраць ключык да самага шчырага і перадузятага чытача – да дзіцяці.

З вялікім задавальненнем Анатоля Бензерука запрашаюць на сустрэчы ў берасцейскія школы, бо ён умее захапіць, прыцягнуць вострую ўвагу вучняў да дэталяў, сказаць адкрыта пра тое, што любіць, што трывожыць яго сэрца…

Балюча лавіць позіркі школьнікаў, бачыць, як блішчаць слёзы ў іх вачах, калі творца і даследчык па дэталях расказвае трагічныя падзеі, якія адбыліся 11 верасня 1942 года ў вёсцы Драмлёва. У жудасныя часы Вялікай Айчынай вайны карнікі знішчылі амаль усіх жыхароў гэтага паселішча. Пасля такіх урокаў мужнасці сэрцы маладых беларусаў напаўняюцца вялікай павагай і любоўю да сваёй малой радзімы, да тых мясцін, якія так аддана баранілі і бераглі нашы продкі. Колькі пытанняў у школьнікаў узнікае да пісьменніка! І пры гэтым Анатоль Бензярук не проста вядзе маналог, ён уцягвае дзяцей у працэс пазнання, паказвае, якое багацце і якая духоўная моц – чалавечы інтэлект і павага да Радзімы. Ведаючы ўлюбённасць Анатоля Расціслававіча ў беларускае слова, культуру, гісторыю, яго здольнасць збіраць удумлівых слухачоў, Брэсцкае абласное аддзяленне заўсёды разлічвае на яркія запамінальныя выступленні Анатоля Бензерука падчас творчых паездак на Дзень беларускага пісьменства, на міжнародную выставу-кірмаш і іншыя важныя мерапрыемствы. Пісьменнік валодае не толькі тонкім моўным пачуццём, але й свежасцю мыслення, маштабнасцю закранутых праблем.

Высакароднасць, розум, адвагу беларускага народа паказаў Анатоль Бензярук і ў кнізе “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”. Гераічны час і славутыя рыцары паўстаюць з кніжных старонак, як жывыя, і вядуць нас дарогамі памяці ўглыб вякоў. Менавіта за гэту яркую мастацкую працу ў лютым 2013 года Анатоль Бензярук на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” атрымаў дыплом першай ступені і ганаровы знак “Залаты фаліянт” у намінацыі “Літфармат”. Сярод узнагарод жабінкаўскага пісьменніка ёсць і прэстыжная абласная літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка і прэмія Брэсцкага фонду Тадэвуша Касюшкі. Але самая галоўная ўзнагарода для творцы, падаецца, гэта – удзячныя чытачы.

23 студзеня ў Жабінкаўскай цэнтральнай бібліятэцы калегі, сябры, чытачы павіншавалі Анатоля Расціслававіча з Залатым юбілеем. Супрацоўнікі бібліятэкі з гэтай нагоды падрыхтавалі бібліяграфічны буклет па творчасці Анатоля Бензерука. Заслужаны журналіст Георгій Тамашэвіч  ад імя старшыні абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Аляксандра Лагвіновіча ўручыў юбіляру грамату. Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – нагрудны знак “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ