Віншуем!


Віншуем!

14.08.2019                                            Слово писателю


14 жніўня святкуе 80-гадовы юбілей Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч.

Саюз пісьменнікаў Беларусі і Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ сардэчна віншуюць гэтага таленавітага паэта і журналіста, выдатнага чалавека з багатым жыццёвым вопытам! 

Жадаем Вам моцнага здароўя і невычэрпных сіл, добрых дзён і светлых усмешак, шчаслівых падзей і памятных імгненняў, радасных вестак і вясёлых святаў. Няхай усе Вашы дні будуць напоўнены бязмежнай любоўю родных, прыемнымі клопатамі, выдатным самаадчуваннем і аптымістычным настроем. Усіх Вам дабротаў, гармоніі душы і натхнення для новых здзяйсненняў. 

Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч нарадзіўся 14 жніўня 1939 года ў вёсцы Долкінды, паблізу Нясвіжа. Скончыўшы дзесяцігодку, стаў адказным сакратаром калгаснай шматтыражкі. Скончыў Калініградскае медыцынскае вучылішча, працаваў памочнікам дырэктара па культурна-выхаваўчай рабоце прафтэхвучылішча ў Данбасе. Пасля факультэта журналістыкі Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі 16 гадоў узначальваў шматтыражную газету “Тэкстыльшчык” у Баранавічах. У 1984-1991 гг. загадваў сектарам СМІ абкама КПБ, у 1991-2002 гг. – начальнік упраўлення па друку Брэсцкага аблвыканкама, у 2003-2014 гг. – старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз журналістаў”. Зараз з'яўляецца членам Камітэта па прэміях і прафесійнай этыцы ГА “Беларускі саюз журналістаў”, кіраўнік прэсгрупы Брэсцкага абласнога савета ветэранаў.

Георгій Тамашэвіч не толькі кіраўнік, але і – творца. Шматлікія калектыўныя зборнікі – яго рук справа. Акрамя таго, ён з'яўляецца аўтарам кніг “Жытнёвае слова”: вершы (Брэст, 2007), “Новы дзень”: вершы, паэма, гумар (Брэст, 2009), “Журналісцкія будні”: нарысы (Брэст, 2014), “Шлях” (Брэст, 2015).

Узнагароджаны медалём “За доблесную працу” (1970), званнямі “Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў” (1990), “Выдатнік друку Беларусі” (1999), “Чалавек года-2013” Брэсцкай вобласці... Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2006 года, з 2009-га з'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

 

Плынь жыцця

Асветлена жыццёвая дарога

Дабром і ласкай маміных вачэй,

Праз далеч часу бацькаў позірк строгі

Мне сілы прыдае штодня яшчэ.

Размова вечарам і ранкам

У думках шчырых, трапяткіх

З тых фотаздымкаў, што за рамкай,

Дзе вобразы бацькоў маіх.

Мне з імі споведзь і прычасце,

I абярэг ад розных бед.

Такое засталося шчасце:

У сэрцы – памяць, на сцяне – партрэт.

Няспынны час ідзе віткамі,

Надзеі новыя дае.

Дзяцей ужо завуць бацькамі,

I ўнук руку мне падае.

Жыццё струменіць недзяліма

З глыбінь вякоў у новы шлях.

Сям’я – маленькая Радзіма –

Духоўнай спадчыны працяг.

 

* * *

Шчырай шчодрасцю прывабны

Гарады, пасёлкі, вёскі.

Пад буслінымі крыламі

Маладосці нашай вёсны.

Салаўіныя спатканні,

Каравайныя вяселлі,

Васільковыя світанні,

Ураджайныя пасевы –

Гэта яваю і снамі,

Неразлучна і зычліва,

Чараўніцай-праўдай з намі –

Жывяць вераю шчаслівай.

 

* * *

Наш час мне прыбаўляе навізны,

Ды часта ўспамінаецца былое:

Не раз вяртаецца ў начныя сны

Сцяжынка светлая да роднай школы,

Дзе адкрываўся велічавы свет

Падзей, імёнаў, з'яў і разумення,

Сагрэты сэрцам продкаў запавет

I дум высокіх, векавых памкненняў:

Дзяржавы самастойнай Гімн і Флаг,

Каб родны край не жыў ніколі ў скрусе

Прайшла Радзіма шматпакутны шлях

Ад Кіеўскай Русі да Беларусі.

 

* * *

Пасляваенны лёс багаты

Узнёслай неабходнасцю дарог –

I сірацелі калыханкі-хаты,

I сніўся нам пакінуты парог…

Я ў смутку цешыўся радзімай,

Неперспектыўнай вёсачкай сваёй –

3 бацькоўскай хаты напамінам

Ліст дыхаў чуйна шчырай цеплынёй.

Душа і думкі хуткай птушкай

Вярталіся да рэчкі пад вярбой,

Што там струменілася стужкай,

Святою вабіла вадой.

 

* * *

На ўсё жыццё – дзяцінства памяць,

Вайной знявечаны той час,

У працы выспявала сталасць

3 малітвай на святы абраз,

I з верай ў справядлівасць долі,

У сонечныя, зрэшты, дні…

Бацькі вучылі ў хлебным полі

Жыць без ляноты і хлусні.