Там, дзе знаходзіцца душа Лунінца...


ХХІХ Дзень памяці рускага паэта А. Блока і даследчыка палескага перыяду яго жыцця М. Калінковіча

15.08.2019                                                          Новости


Кожны гараджанін ведае, што гаворка ідзе пра возера Белае.

На яго ўзбярэжжы праведзены ХХІХ Дзень памяці рускага паэта Аляксандра Блока (1888-1921) і даследчыка палескага перыяду яго жыцця Мікалая Калінковіча (1950-1990). Абодва пісьменнікі сышлі з жыцця летам, у самым росквіце сіл. Калінковіч – 24 ліпеня, Блок – 7 жніўня... Нагадаўшы старонкі іх біяграфій і творчасці, настаўнік СШ №2 г. Лунінца Наталля Харытановіч правяла літаратурна-краязнаўчую віктарыну з удзельнікамі V злёту праваслаўнай моладзі «Мара Афа».

Многім вядома легенда аб Белым возеры. На яго месцы нібыта раней быў горад, які затоплены з-за чэрствасці жыхароў. А чысціні вады возера абавязана адзінай добрай дзяўчыне, якая магла б выратавацца, але не выканала ўмову безагляднага сыходу з горада... На пытанне, хто ведае біблейскае паданне аб гэтым, не паднялася ні адна рука. Але калі педагог пачала аповяд Садом і Гамору, якія загразлі ў смяротных грахах, яе перапыніў падлетак:

–Я ўспомніў! Бог наслаў на гэтыя гарады агнявы дождж. Але ў Садоме жыў праведны Лот, якому было загадана пакінуць горад. Папярэджаны Лот бег з дочкамі. А жонка яго азірнулася і ператварылася ў саляны слуп...

–Так, – пахваліла знаўца вядучая. – Духоўны сэнс падання – з грахамі трэба расставацца, не аглядаючыся...

Для «разумнікаў і разумніц» ХХІ стагоддзя нескладанымі аказаліся і іншыя пытанні. Паразважалі, чаму на смерць А. Блока Ганна Ахматава адгукнулася вершам ««А Смоленская-то нынче именинница…». 10 жніўня адзначаецца памяць іконы Смаленскай Божай Маці – у гэты дзень пахавалі паэта. У такім жа дыялогу дарослых і дзяцей усталявалі сувязь паміж азеляненнем цэнтральнай плошчы Лунінца і помнікам М. Калінковічу каля ўваходу ў бібліятэку. Незвычайныя насаджэнні ў народзе называюць «божае дрэва», а яго сапраўдная назва занатавана ў п'есе пісьменніка-земляка «Там, дзе квітнее тамарыск».

Прызёрамі віктарыны сталі Аліна і Аня Кавалевічы (в. Багданаўка), Лаліта Хоміч (Лунінец), Дзмітрый Грышын (в. Язвінкі), Іна Сергіевіч, а пераможцам – яе сын Трафім Калянковіч (Лунінец). Узнагароды атрымалі і малодшыя ўдзельнікі злёту. Сёлета аднавілася традыцыя шанаваць памяць пісьменніка-земляка дэкламацыяй вершаў. У конкурсе чытальнікаў духоўнай паэзіі выступілі больш за 20 дзяўчынак і хлопчыкаў. Дыпламантамі сталі прадстаўнікі храмаў: в. Красная Воля – Вераніка Ільючык і Юлія Карпуковіч; Лунінца – Варвара Крышталь і Антон Караваевіч. Лепшай прызнана Дар'я Ільючык з Багданаўкі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси