Георгій Марчук: “Мяне заўсёды цікавіць духоўны стан грамадства, яго ўплыў на дзейнасць асобы”


Пісьменнік і час. Георгій Марчук

22.08.2019                                            Слово писателю


Сёння на сайце СПБ мы пачынаем публікаваць цыкл інтэрв’ю “Пісьменнік і час”, у якім даведаемся, над чым зараз працуюць нашы калегі, што яны чытаюць, што іх хвалюе ў стане нашай літаратуры і ў жыцці наогул. 

Наш першы субяседнік – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2018 года, празаік, драматург, казачнік Георгій Марчук. 

- Георгій Васільевіч, чые творы ў апошні час вас найбольш уразілі?

- Па магчымасці стараюся пільна сачыць за станам сучаснай літаратуры, чытаю газету “ЛіМ”, нашы часопісы, нешта да ўвагі бяру з інтэрнэта. Радуюся дэбютам — гэта знак таго, што жыве родная мова і літаратура. Раю пачытаць паэзію Л. Кебіч, В. Шпакевіч, С. Якубоўскай, С. Быкавай, А. Легастаевай — такія розныя паэткі, якія таленавіта адкрываюць у цудоўных вершах свет сваёй душы і рэаліі часу. Даўно сачу за паэзіяй Ф. Гурыновіча, Д. Марозава, М. Башлакова, А. Разанава, М. Мятліцкага, В. Шніпа, С. Давідовіча, І. Юркіна, чые творы можна прадстаўляць на любыя літаратурныя прэміі – і не будзе нам сорамна.

Гэта таленты высокага ўзроўню.

У літаратуры дзя дзяцей у нас багата дастойных імёнаў як сярод старэйшага пакалення, так і сярод маладых аўтараў.

Арыгінальную форму асэнсавання перажытага і мінулай фармацыі знайшоў В. Ткачоў, ёсць поспехі ў асваенні жанра рамана ва Ул. Гаўрыловіча, а як ярка і насычана валодае жанрам мініяцюры К. Камейша, цікава асвойваюць гістарычныя пласты В. Чаропка, А. Ждан, М. Ільінскі, І. Саверчанка.

- Мы ведаем, што вы нарэшце завяршылі працу адразу над двума (!) раманамі. Здаецца, раней вы не звярталіся да гэтай жанравай формы?

- Творчасць непрадказальная. Апошнія дзесяцігоддзі я пісаў п’есы, навелы, казкі, афарызмы, кінасцэнарыі. За гэты час адбыліся пэўныя значныя змены ў грамадстве, палітыцы, эканоміцы, культуры. Сучасны чалавек мусіў прыстасавацца да новых умоў жыцця. А тут і роспач, і канфлікты. Увесь час на сустрэчах мае чытачы пыталіся, чаму нашы аўтары не пішуць раманы пра сучаснасць, а калі і ёсць спробы, дык у асноўным хапаюцца за негатыў, недахопы асобы, а не шукаюць героя сучаснасці, пэўна, гэта паняцце і знікла ўжо...

- Дарэчы, сапраўды, а ці ёсць ён, гэты герой нашага часу, сёння, калі ўсё навокал так хутка змяняецца?

- Я не аднойчы казаў, што для героя дастаткова мець адну, але значную рысу характару: сумленнасць, адказнасць за сваё жыццё і жыццё радзімы. Зганьбілі лібералы Расіі сацыялістычны рэалізм. Нешта павярхоўнае было і ў асобных творах нашых аксакалаў падчас сацыялізму. Шкодзіла тое, што герой мусіў абавязкова бараніць камуністычныя ідэі партыі. Аднак і В. Распуцін, і І. Мележ, і В. Быкаў (асабліва ў “Сотнікаве”) праз ідэі сацыялізму выходзілі на адлюстраванне сэнсу жыцця чалавека.

У геніяльнага італьянскага рэжысёра Ф. Феліні ў фільме “Восем з паловай” няма адмоўных і станоўчых герояў, як няма іх і ў рамане геніяльнага М. Шолахава “Они сражались за родину”. Што гэта соцрэалізм? Усё не так адназначна, усё залежыць ад таленту і светапогляду творцы.

Як патрыёта-грамадзяніна мяне заўсёды цікавіць духоўны стан грамадства, яго ўплыў на дзейнасць асобы.

Мае новыя раманы “Мокры снег” і “Першыя ландышы” прысвечаны жыццю сталічнай інтэлігенцыі, якая жыве ў роспачы, адчуваючы часам сваю незапатрабаванасць. У цэнтры ўвагі — акцёры, філосафы, дактары, настаўнікі, якія не губляюць ідэалы дабра і чалавекалюбства. Канешне ж, шмат старонак аддадзена каханню, якое ратавала чалавека ад адчаю і, спадзяюся, будзе ратаваць і надалей. Кожны пісьменнік не толькі адлюстроўвае падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве, але мусіць бараніць у чалавеку боскі пачатак.

Ідэю рамана “Мокры снег” можна выказаць словамі Хрыста “Да любіце вы адзін аднаго”. Тое, што не ўдалося ахапіць у “Мокрым снезе”, я дапоўніў у рамане “Першыя ландышы”. Мой герой, псіхолаг, адкрыў прыватную фірму па аказанні псіхалагічнай дапамогі людзям. Ён амбіцыёзны і прагне як мага хутчэй разбагацець. Так узнікла тэма грошай. Вакол спакуса – і лёсы розных людзей. Ідэя гэтага рамана іншая: ён, герой, хацеў, каб усе яго любілі, а ён пры гэтым нікога не любіў. Раман пашырае панараму сучаснага жыцця сталіцы і не толькі… Ёсць героі і з правінцыі.

У дзевяностыя я напісаў гарадскі раман “Год дэманаў”, на жаль, ён не быў як след прааналізаваны крытыкамі. Так што новыя раманы працягваюць тэму “Года дэманаў”.

- Чаму вы сканцэнтравалі ўвагу на жыцці інтэлігенцыі?

- Усё ж яна як бы выконвае ролю авангарда ў духоўным жыцці грамадства. І я жыццё інтэлігенцыі больш ведаю. Ёсць у рамане людзі розных прафесій: механізатар, фермер, дэпутат.

- Калі раманы прыйдуць да чытача?

- Выдавецтва “Мастацкая літаратура” плануе іх выдаць у пачатку 2020 года, часопіс “Полымя” мяркуе надрукаваць часопісны варыянт “Мокрага снегу” напрыканцы года. Перакладам на рускую мову зацікавілася “Раман-газета” ў Расіі. Мне і самому цікава рэакцыя чытачоў: раман пра сучаснасць, падзеі адбываюцца ў нашы дні, вельмі складана і адказна выносіць напісанае на суд чытача, бо ён і сам жыве ў гэты час.

- Чытачам будзе цікавай і лабараторыя вашай творчасці.

- Лабараторыя для многіх пісьменнікаў-рэалістаў аднолькавая. Бярэцца ў дапамогу перажытае самім аўтарам, факты з жыцця людзей, якія ўражваюць, з’явы грамадскага жыцця, канфлікты (часам з газет) простых грамадзян і кіраўнікоў. Сюды пажадана дадаць канфлікт у самім чалавеку, яго шлях да разумення ісціны і сэнсу існавання свайго на зямлі. У прыклад стаўлю “Тихий Дон” М. Шолахава: Рыгор Мелехаў — у жыцці гэта Харлампій Ермакоў.

Не забыць праблемы сучаснай сям’і, адукацыі, культуры, нацыянальнай самасвядомасці.

- Вы заінтрыгавалі нас. Нам застаецца дачакацца публікацыі. Пажадаем раманам шчаслівага шляху.

- Дзякуй на добрым слове.

Прэс-служба Саюза пісьменнікаў Беларусі

Фота http://www.janow.by/gazeta-yana-ski-kraj/nashi-rubriki/obshchestvo/kali-khochatstsa-vyarnutstsa