Віншаванне з Днём беларускага пісьменства ад Мікалая Чаргінца


Віншаванне з Днём беларускага пісьменства ад Мікалая Чаргінца

26.08.2019                                                          Новости


Дарагія сябры, удзельнікі Дня беларускага пісьменства на старажытнай Слонімшчыне!

У чарговы раз нас збірае свята, якое палюбілася не толькі шматлікім аматарам прыгожага мастацкага слова. Дзень беларускага пісьменства  вырас да падзеі нацыянальнага маштабу, знайшоў розгалас у свеце.

Друкаванае слова, якое сваёй гісторыяй праменіцца з глыбіні стагоддзяў, сведчыць пра вялікую годнасць беларусаў. Мы разглядаем Дзень беларускага пісьменства як свята сустрэчы з кнігай і перакананы ў тым, што хто не чытае, той перастае мысліць. У кнізе – мудрасць стагоддзяў, духоўнасць, чалавечнасць.

Кожны новы горад – сталіца свята – гэта скарбонка, багатая на гістарычныя адметнасці, культурныя каштоўнасці, унікальныя традыцыі. Такім загадкава-прыцягальным падаецца нам і Слонім, горад з больш чым тысячагадовай гісторыяй.  Колькі розных супярэчлівых падзей зведаў ён на сваім вяку!

Сёння слаўны Слонім паўстае перад намі ў сваім шматабліччы: мудрага старца і маладзёна, руплівага працаўніка і вясёлага аптыміста, жыццялюба.

Прыветны горад ахвотна расчыняе перад шматлікімі гасцямі свае дзверы, а яго жыхары шчыра расхінаюць сэрцы. 
Дык давайце ж і мы ўсе разам з радасцю і ўзнёслым наcтроем увойдзем у захапляльны свет беларускага пісьменства, адчуем подых мінулых стагоддзяў на слонімскіх вуліцах, наталімся прыгажосцю роднага слова на розных творчых пляцоўках, атрымаем асалоду ад высокай культуры  майстроў мастацтваў, застанемся ўражанымі ад сустрэч з любімымі пісьменнікамі!

Саюз пісьменнікаў Беларусі ў гэтыя святочныя дні зробіць своеасаблівую справаздачу перад сваім чытачом. Запрашаем на пляцоўку “Слова пісьменніка”, дзе можна будзе пабачыць і пачуць больш за 100 літаратараў.

Віншую вас, дарагія сябры, з Днём беларускага пісьменства, які нязгасным святлом асвятляе наш шлях у будучыню! 

Мікалай ЧАРГІНЕЦ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі