Авацыі ў Івацэвічах


Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ прыняў удзел у святкаванні 500-годдзя горада Івацэвічы

28.08.2019                                                         Новости


Пры падтрымцы Асацыацыі абароны інтэлектуальнай уласнасці Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ прыняў удзел у святкаванні 500-годдзя горада Івацэвічы. Аматарам высокага мастацкага слова былі прадстаўлены два спектаклі. У першым — пад назвай “Радзіма наша — Беларусь” былі прадстаўлены творы класікаў Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, а таксама вядомых сучасных паэтаў Міхася Пазнякова, Анатоля Аўруціна і Таццяны Жылінскай. У ім прынялі ўдзел мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі, артыстка эстрады Вольга Багушыньска, юны артыст, уладальнік Гран-пры конкурсу чытальнікаў паэзіі Роберт Багушыньскі, паэты Міхась Пазнякоў і Таццяна Жылінская.

Другі спектакль быў цалкам прысвечаны творчасці сучаснай паэтэсы Лізаветы Палеес.

Аўтар і рэжысёр спектакля — Святлана Яфрэмава. На сцэне ігралі Вольга Багушыньска, Святлана Яфрэмава і Лізавета Палеес.

Гучныя апладысменты, словы падзякі прысутных, што сабралася ў мясцовым Палацы культуры, засведчылі, што паэзію ў Івацэвічах вельмі любяць. Гледачы мелі магчымасць таксама набыць кнігі сталічных літаратараў.

25 верасня Тэатр паэзіі, які працуе пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Купалы, распачне свой новы тэатральны сезон.

Павел КУЗЬМІЧ

Фота Васіля КУЛІКОВА