Цябе вітаем, Слонім!


Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ падчас Дня беларускага пісьменства выступіла з праграмай “Вітаем Брэст тысячагадовы”

04.09.2019                                                         Новости


Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі падчас свята выступіла з праграмай “Вітаем Брэст тысячагадовы”. На пляцоўцы “Слова пісьменніка” адбыліся прэзентацыі новых кніг Георгія Тамашэвіча, Зінаіды Дудзюк, Анатоля Брытуна, Таццяны Шульгі, прысвечаных міленіуму горада Брэста.

Новыя выданні дапамогуць чытачу ўбачыць славуты Брэст у розных фарбах, ракурсах і часавых адрэзках. Яркім і незабыўным прызнаннем у любові слынаму Брэсту стаў творчы праект брэсціх мастакоў і паэта Таццяны Шульгі “Акварельный Брест”. На старонках каляровага літаратурна-мастацкага выдання “Анёл над Брэстам” прадстаўлены вянок санетаў і паэтычныя прысвячэнні роднаму Брэсту Георгія Тамашэвіча, а кніга “Брэст. Храналагічны даведнік” пісьменніцы Зінаіды Дудзюк расказвае пра галоўныя гістарычныя падзеі, выкладзеныя ў храналагічным парадку, якія ад старажытнасці да цяперашняга часу ўплывалі на існаванне старажытнага горада і жыццё ягоных жыхароў. Разам з героямі “Трылогіі прыгод тысячагоддзя” Анатоля Брытуна чытач перанясецца ў часы, калі яцвягі і ліцвіны мужна змагаліся за незалежнасць, адстойвалі сваю зямлю і свой гонар. З нагоды 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэчка Брэсцкага абласнога аддзялення папоўнілася  кнігай “Письма вайны” Аляксандра Валковіча.

Сваімі творчымі здабыткамі і планамі з гледачамі на пляцоўцы “Слова пісьменніка” падзяліліся Таццяна Дземідовіч, Любоў Красеўская, Анатоль Бензярук, Андрэй Мазько, Мікола Бусько, Анатоль Брытун, Алена Папко, Георгій Тамашэвіч, Зінаіда Дудзюк, Анатоль Дзенісейка.

Падчас свята брэсцкія пісьменнікі паўдзельнічалі ў адкрыцці помніка легендарнаму Льву Сапегу і ўрачыстым шэсці. Яшчэ адной запамінальнай і яркай падзеяй стала наведванне – Свята-Успенскага Жыровічскага мужскога манастыра.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменікаў Беларусі