Старажылы Іванаўшчыны


На свяце вёскі Полкацічы гучалі песні на словы членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і іх вершы

25.09.2019                                                         Новости


Вёска Полкацічы з’явілася нават да таго, як на ўсходнеславянскія землі прыйшло друкаванае слова, 520 год таму.

Спачатку былі хутары. Гэта — хутар Паплаўскіх, дзе жылі сем’і Стасевічаў, Мінічаў і іншых. Жыхары Полкаціч захавалі ўнікальны дакумент “Выпись из крепостной книги и Пинского Нотариального архива…” датаваны 1902 годам, які сведчыць пра куплю-продаж зямлі ў вёсцы Полкацічы. Пасля рэвалюціі 1917 года адбыліся змены. Як казалі мясцовыя людзі сталага веку, ніхто з хутаран не хацеў мяняць сваё месца жыхарства. Аднак не падпарадкавацца ўладзе было немагчыма.

Вяскоўцы любяць свае Полкацічы, не хочуць з імі разлучацца. Як, напрыклад, 91-гадовая Надзея Кулеш, шчаслівая не толькі пражытымі гадамі, але добрай старасцю. Выхавала свайго сына Міхаіла Куляша, які стаў паэтам.

А яшчэ ў Полкацічах водзяць Куста. Гэты старадаўні абрад жыве ўсяго ў некалькіх раёнах Беларусі. На другі дзень Сёмухі ўпрыгожваюць Куст – для гэтай ролі выбіраецца маладая дзяўчына, якую апранаюць нявестай. Ёй з галінак бярозы, клёна робяць зялёны ўбор, часам у яго ўплятаюць мяту. Куст заходзіў у кожнаю сельскую хату дзе жылі сем’і. Яны спявалі песні-пажаданні Кусту на сямейнае жыццё.

Шмат тых, хто нарадзіўся ў Полкацічах, сталі яе гонарам. Родны сын адной са старэйшых жыхарак вёскі Надзеі Кулеш – Міхаіл. Ён член Саюза пісьменнікау Беларусі.

Людзі працоўнага ўзросту ў асноўным занятыя ў ААТ “Агра-Моталь”, кіраўніцтва якого на чале з Вячаславам Каштальянам падтрымала ініцыятыву святкавання 520-годдзя вёскі. На свяце выступілі ансамбль “Славяначка”, старшыня ААТ “Агра-Мотыль” Каштальян Вячаслаў Мікалаевіч, начальнік аддзела культуры Іванаўскага выканкама Бародзіч Валянціна Андрэеўна, спявак Парфёнчык Аляксандр – арганізатар Ляхавіцкага дома культуры, спявак Крываносаў Аляксандр Анатольевіч, ансамбль з Матэляў пад кіраўніцтвам Ганны Кірылаўны, а таксама Віктар Мяцельскі — кампазітар і спявак. Ён выканаў песні на вершы Міхася Пазнякова, Міхаіла Куляша і на свае.

Свята адтрымалася сардэчнае. Малая радзіма жыве і працуе. 

Васіль КУЛІКОЎ

Фота аўтара