Сустрэча з майстрам вострага слова


У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Івацэвіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылася сустрэча з байкапісцам Віктарам Рэчыцам

27.09.2019                                                         Новости


У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Івацэвіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў межах пасяджэння клуба “Літаратурная гасцёўня” адбылася сустрэча з байкапісцам Віктарам Рэчыцам, жыхаром Івацэвічаў.

Наведвальнікі клуба пазнаёміліся з творчасцю Віктара Трафімавіча, які з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён пазнаёміў слухачоў са сваёй біяграфіяй, адказаў на шматлікія пытанні. Ды і ў цэлым, гутарка атрымалася цікавай, змястоўнай і душэўнай.

– Работа сатырыка намнога цяжэйшая, чым можа здацца на першы погляд, – прызнаўся паэт сваім зацікаўленым слухачам. – Недастаткова проста апісаць убачанае ці прачутае недзе, патрэбна асэнсаваць падзею ці выпадак, а потым з дапамогай мастацкіх сродкаў зрабіць так, каб агонь крытыкі стаў прыцэльным, а слова – вострым і дасціпным.

Віктар Рэчыц падкрэсліў, што на працягу 50 гадоў займаецца выключна сатырай і гумарам. Свой першы сатырычны верш надрукаваў у Пружанскай раённай газеце “Зара камунізму”, калі вучыўся ў 9 класе. З таго часу з-пад пяра таленавітага пісьменніка выйшла ажно 7 гумарыстычных кніг!

Слухачы падзякавалі паэту за змястоўную гутарку і выказалі шчырыя спадзяванні на будучыя сустрэчы з ім.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі