Тэатр паэзіі запрашае!


Новы тэатральны сезон, чацвёрты па ліку, распачаў Мінскі гарадскі тэатр паэзіі

01.10.2019                                                         Новости


Новы тэатральны сезон, чацвёрты па ліку, распачаў Мінскі гарадскі тэатр паэзіі. Заснаваны сталічным аддзяленнем СПБ, ён паспяхова працуе пры Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Адкрываючы новы сезон, дырэктар тэатра, старшыня МГА СПБ Міхась Пазнякоў расказаў аб тым, што паэты і артысты тэатра і летам выступілі на розных пляцоўках Беларусі. Гучала беларускае паэтычнае слова таксама і ў Маскве на Чырвонай плошчы.

Новы сезон быў адкрыты спектаклем “Звіні, пявучая струна”, падрыхтаваны мастацкім кіраўніком тэатра Вольгай Багушыньскай, якая была і вядучай імпрэзы. На сцэне выступілі паэты-барды — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Жылінская, Аляксандр Вашчанка, Дзмітрый Пятровіч, Людміла Воранава, Генрых Тарасевіч, Аліна Легастаева. А таксама гітарысты — кампазітары і спевакі Андрэй Зыгмантовіч і Віктар Мяцельскі.

Гучалі вершы пра гітару, песні на вершы беларускіх і рускіх паэтаў: Булата Акуджавы, Максіма Багдановіча, Анатоля Аўруціна, Таццяны Жылінскай, Міхася Пазнякова, Валянціны Паліканінай, Міколы Шабовіча і іншых.

Наступны спектакль адбудзецца 16 кастрычніка і будзе прысвечаны тэме маці.

Павел КУЗЬМІЧ

Фота Таццяны Плашчынскай