Творчы вечар і прэзентацыя кнігі “Няма ліха без дабра” Міхася Пазнякова прайшлі ў клубе “Шчырасць”


Творчы вечар і прэзентацыя кнігі “Няма ліха без дабра” Міхася Пазнякова прайшлі ў клубе “Шчырасць”

02.10.2019                                                         Новости


Новы сезон у літаратурным клубе “Шчырасць” пры сталічнай публічнай бібліятэцы №22 пачаўся творчым вечарам і прэзентацыяй новай кнігі кіраўніка клуба, паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка, мовазнаўцы, публіцыста, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова. Сярод гасцей – сябры творчай суполкі, студэнты БНТУ ваеннай кафедры, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Е. П. Юшкевіча, а таксама чытачы кніжніцы, прыхільнікі прыгожага пісьменства.

Адкрыццё клуба пачалося з мультымедыйнай прэзентацыі, якую падрыхтавала супрацоўнік бібліятэкі Раіса Граблюк. Добрым словам аб творчым шляху і новай кнізе Міхася Пазнякова “Няма ліха без дабра”пачала сваё выступленне вядучая мерапрыемства Аляксандра Каржанеўская.

Выдадзена яна ў кніжнай серыі гумару і сатыры “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”, якую з 2014 года выпускае выдавецтва “Чатыры чвэрці”. Гэта ўжо другая гумарыстычна-сатырычныя кніга і сотая кніга пісьменніка. Раней Міхась Пазнякоў працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Вожык”, але не забывае пра вясёлыя жанры і цяпер. У новую кнігу ўвайшлі літаратурныя пародыі, байкі, іранізмы, небыліцы, эпітафіі, аднарадкоўі, эпіграмы, мудраслоўі, гумарэскі і інш. Кніга прымушае не толькі пасмяяцца, усміхнуцца, але і задумацца, бо аўтар сапраўды валодае зайздросным пачуццём гумару, дасціпным і ў меру саркастычным позіркам на многія рэаліі сучаснага жыцця.

На вечары гучалі песні ў выкананні кампазітара і спевака Віктара Мяцельскага пад гітару на вершы Міхася Пазнякова “Сняжынка”, “Як зорачка высокая”, “Музе” і інш.

Не абышлося і без падарункаў – ад выдавецтва “Чатыры чвэрці” бібліятэка атрымала кнігу “Жывая культура Беларусі” з серыі “Культурная спадчына Беларусі”.

Шмат цёплых і ветлівых слоў, пажаданняў творчага плёну і натхнення пачуў у гэты дзень аўтар, а прысутныя атрымалі шмат прыемных эмоцый і сюрпрызаў.

Сустрэча прайшла на адным дыханні і стала сапраўдным святам для аматараў гумару.    

Загадчык бібліятэкі КАРЖАНЕЎСКАЯ А. М.