“Нашы людзі ў Галівудзе”


Амерыканскі выкладчык акцёрскага майстэрства Бернард Хілер наведаў Лахву

07.10.2019                                                         Новости


Амерыканскі выкладчык акцёрскага майстэрства Бернард Хілер наведаў Лахву.

Спецыяліст па раскрыццю здольнасцей і творчага патэнцыялу больш як 30 год адкрывае таленты і дзверы Галівуда для акцёраў Еўропы і ЗША. Прыёмы створанай ім прагрэсіўнай аўтарскай методыкі паказваюць у тэлешоў і друкуюць у часопісах па ўсім свеце. У 2018 годзе Бернард Хілер даваў майстар-класы ў Маскве, дзе выдадзена яго кніга ў перакладзе на рускую мову.

У інтэрнэце прадстаўлены як аргенцінскі акцёр – нарадзіўся ў Буйнас-Айрэсе. Якое ж дачыненне галівудскі майстар мае да Палесся? Аказалася, яго бацькі зарэгістравалі шлюб у 1941 годзе ў Леніне – цяпер Жыткавіцкі раён Гомельшчыны. З пачаткам вайны сям'і ўдалося эвакуіравацца. А вось бабуля Бернарда Хілера і іншыя родныя яго мамы, якія жылі ў Лахве, загінулі...

Нашчадак нашых землякоў падарожнічае па Беларусі разам з аператарам, каб стварыць фільм пра свае карані. Госці наведалі брацкую магілу вязняў гета і памятны знак у цэнтры былога мястэчка. Дырэктар Лахвенскай СШ Аляксандр Яраховіч (на здымку – злева, справа – перакладчыца Галіна Шварц) пазнаёміў Бернарда Хілера з матэрыяламі, прысвечанымі першаму паўстанню ў гета, падзяліўся прапановамі педагогаў аб пашырэнні гістарычнай экспазіцыі ў школе.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара