Сонца над Мелясніцай


Традыцыйная сустрэча на Крыжаўзвіжанне спалучыла смутак па загінуўшых і радасць за тых, хто памятае

07.10.2019                                                         Новости


Традыцыйная сустрэча на Крыжаўзвіжанне – прастольнае свята горада і вёскі – спалучыла смутак па загінуўшых і радасць за тых, хто памятае.

Вось ужо некалькі год запар 27 верасня шматпакутная вёска, дзе цяпер пражывае толькі 30 чалавек, ажыўляецца маладымі галасамі. У акцыі міласэрнасці “Марш жыцця” ў адну з 13-ці “лунінецкіх Хатыней” традыцыйна прыязджаюць навучэнцы політэхнічнага і сельскагаспадарчага каледжаў, а таксама гімназісты. Вучні 9 “А” класа (настаўнік Святлана Гапко) правялі мітынг-рэквіем, нагадаўшы аб жудасным дні 1 кастрычніка 1943 года, калі фашысты забілі 183 чалавекі і спалілі ўсю вёску. У памяць аб трагедыі аб’яўлена хвіліна маўчання. Вітаючы нешматлікіх жыхароў, да абеліска ўсклалі кветкі прадстаўнікі гарадской арганізацыйнай структуры ДТСААФ, раённых арганізацый Беларускіх саюзаў – афіцэраў і ветэранаў органаў пагранічнай службы.

Прырода быццам адпавядала настрою прысутных. Было пахмурна, але цяпло – ад шчырых вітанняў з Днём пажылых людзей і падарункаў, якія старажылам уручыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Кацуба. Калі ж да ўдзельнікаў сустрэчы далучылася духавенства на чале з архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Сцяфанам, неба пасвятлела і сонца заліла наваколле. Галасамі дарослых і дзяцей гучала малітва, што заклікала перадаваць памяць “род у род”. Каб мір у Беларусі, 75-годдзе якога адзначаем сёлета, доўжыўся вечна…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Сяргея Карпуковіча