«И мы летим… На свет… Живой… Манящий»


24 верасня 2019 г. у Доме кнігі “Светач” прэзентавала паэтычны зборнік “Я слышу музыку во мне…” Таццяна Атрошанка

07.10.2019                                                         Новости


24 верасня 2019 г. у Доме кнігі “Светач” прэзентавала паэтычны зборнік “Я слышу музыку во мне…” Таццяна Атрошанка, пісьменніца, кампазітар, спявачка (вядомая пад псеўданімам Кіра Трыш).

Нягледзячы на тое, што членам СПБ яна стала параўнальна нядаўна, ужо адзначана “Залатым купідонам” – рэспубліканскай прэміяй у намінацыі “Песенны жанр”, на рахунку мае кнігу вершаў “Не я…”, шматлікія публікацыі ў калектыўных зборніках і на старонках літаратурных часопісаў і газет.

І вось новая падзея, шыкоўна аздобленая цудоўнай музыкай, у асляпляюча белым інтэр’еры другога паверха любімай мінчанамі і гасцямі горада кнігарні. Прэзентацыя, прадуманая да дробязей: на віноўніцы свята сукенка ад вядомага беларускага дызайнера Жаны Калтаковай, цукеркі ручной работы з “Шакладніцы” на белых квадратных талерках…

Выкшталцоная кніга, на вокладцы якой са здымка Ірэны Гудзіеўскай пазірае прыгажуня-аўтар, убачыла свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў аўтарскай рэдакцыі і не магла не натхніць на добрыя словы калег-пісьменнікаў. Не шкадавалі вершаў для Таццяны старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў, Мікола Шабовіч,сяброўскую пародыю прысвяціў Дзмітрый Пятровіч. Далучыўся да віншаванняў артыст Дзмітрый Кароль, Тамара Бунта, Ірэна Гудзіеўская і Таццяна Мушынская.

Неверагодная прыгажосць Таццяны Атрошанка, якой Госпадам шчодра дадазены не толькі таленты, але, найперш, добрае сэрца і сціпласць. Пра іх сведчаць напісаныя ёю дзіцячыя песні, прагучаўшыя ў выкананні маладзечанскага трыа “Фіеста”. (З лёгкай рукі дзяўчат, дарэчы, Таццяна ўпершыню выйшла на сцэну, і іх выступленне пакарыла “Піцерскі акорд”.) Пра тое, як, адкінуўшы свае справы, дапамагла з лекамі, што на той момант меліся ў наяўнасці толькі ў аптэцы ў Маладзечне, распавяла сяброўка і калега па творчай суполцы Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

Кранулі сэрцы прысутных і слёзы дачушкі Дар’і, вядучай імпрэзы, калі з вялікай цеплынёй казала пра маці, падкрэсліваючы ролю сямейнай падтрымкі ў жыцці творчага чалавека.

Менавіта за адкрытасць, непадробленасць і дабрыню жанчыны даруюць ёй і бязмежнае мужчынскае пакланенне, і тое, што яе лірычная гераіня назвалася не больш не менш, як Новай Венерай:

«И вот я вновь из белой пены –

Глаза… И волосы… И кровь…

Из опрокинутой Вселенной…» (“New Venus”)

І тое, што ёй “забавно быть девятой из чудес («Я там, во сне – твоя…»)”. І нават гэта:

«Ты не мечтал, а я уже сбылась –

Такая неуклюжая жар-птица…

Могла бы для начала лишь присниться,

А я взяла и наяву нашлась…» («Ты не мечтал, а я уже сбылась…»)

Таму што далей стане зразумела: прыгажосць не гарантуе адсутнасці пакут і бесклапотнага кахання, блукання душы ў пошуках адказаў на вечныя пытанні, калі:

«И отпускаю…

И летят…

Слова любви или прощанья

Туда, к тебе –

Не в рай, не в ад…» («Недостижима…»)

Кранае шчырая споведзь гераіні: «…Я была без тебя бескрылой» («И легкий сон смахнут ресницы…»), яе нечаканыя вобразы: «и опять найдет // О чем сказать затоптанная Совесть» («А в пустоте…»), «снег и капли, // Которые доплачет грустный Чаплин» («А небо носит что-то на руках…»), «Не удержать весну-мужчину» («Опять в прогнозе перемены»).

Таццяна расказала гледачам пра сустрэчу, што вельмі моцна ўразіла: аднойчы пасля выступлення да яе падышоў не вельмі прэзентабельнага выгляду мужчына, які, здавалася, увесь час драмаў, і на памяць прачытаў адзін з яе самых любімых вершаў.

Паэтэса кажа пра сябе, што “жыве без скуры”, але ў моры пачуццяў вельмі адказна ставіцца да такога з іх, як нянавісць – “чернильница души”, разумеючы “Излить тебя не следует спешить: // Здесь риск велик, // Что пятна не отмоешь…” (“О ненависть…”)

Паглыбіўшыся ў яе сусвет, нельга не ўсміхнуцца лёгка таму, як яна “на дожде решила погадать… // Он – убегать. Неслыханное дело” (“Я на дожде решила погадать…”), яе прызнанню: “Мне акварельные снятся сны”, не ацаніць вытанчанасць радка “И ночь нежна, и я невинна, // Как этот сорванный цветок…” (“Верну улыбки и слова...”), не знайсці адпаведнасць, калі пэўную сітуацыю “Заварила… Как кофе чашку…” , не згадзіцца з яе заклікам: “Давай не решать за Господа”, калі гутарка ідзе пра каханне.

Хочацца пажадаць, каб “акварэльныя сны” працягвалі да яе прыходзіць і натхненне нараджала новыя вершы і песні.

А тым, хто хоча на ўласныя вочы ўбачыць і пачуць гэту пяшчотную душу, такі шанс надарыцца 30 кастрычніка – у Тэатры паэзіі (на базе мінскай бібліятэкі імя Янкі Купалы).

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА

Фота аўтара, Таццяны Атрошанка і Дзмітрыя Караля