Паэт на ўсе выпадкі


28 верасня галоўнай дзеючай асобай чарговай акцыі “Творы і творцы” выступіў Мікалай Іваноўскі

08.10.2019                                                         Новости


Субота, 28 верасня 2019 года стала днём правядзення чарговай акцыі “Творы і творцы”. У ролі мерапрыемства выступіў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, госць з Ваўкавыскага раёна, паэт Мікалай Іваноўскі. 

Нагадаем, што акцыя “Творы і творцы” з’яўляецца сумесным праектам Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага і Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мэтай праекта з’яўляецца набліжэнне прыхільнікаў літаратуры да творчасці сучасных пісьменнікаў-землякоў. У межах акцыі сустрэцца з грамадскасцю, пазнаёміцца з аматарамі літаратуры, прадэманстраваць свае набыткі і свой творчы патэнцыял паспелі ўжо многія нашы калегі па пісьменніцкай арганізацыі. Чарговая сустрэча была адметнай – таму што гэта першая акцыя “Творы і творцы” з удзелам пісьменніка-рэгіянала, прадстаўніка аднаго з раёнаў Гродзенскай вобласці, а не жыхара горада над Нёманам, як было раней. І таму мерапрыемства ад 28 верасня стала сапраўды гістарычным момантам; яго можна аднесці да шэрагу іншых шматлікіх старонак культурнага жыцця, прысвечаных 75-годдзю Гродзенскай вобласці. 

Мікалай Пятровіч Іваноўскі прыйшоў у шэрагі Саюза пісьменнікаў Беларусі не так даўно. Але паэта можна назваць прыкметнай фігурай у айчыннай культурнай прасторы. Паэзія Мікалая Іваноўскага сабрана не толькі ў чатырох цудоўна выдадзеных зборніках (кнігі паэзіі для дарослых і дзяцей былі прадстаўлены публіцы). Яго творы можна знайсці на старонках газет і калектыўных зборнікаў. Асобныя кнігі і калектыўныя зборнікі, дарэчы, выдадзеныя ў Мінску. А сам паэт актыўна працуе над папулярызацыяй уласнага творчага багажу і фармаваннем чытацкай аўдыторыі, ездзіць з выступленнямі па вобласці і рэспубліцы. Мікалай Пятровіч – чалавек вельмі камунікабельны, абаяльны, інтэлігентны. І гэта доказ таму, што ў сваёй асобе творца можа і нават павінен спалучаць рысы чалавека цікавага і прыемнага, каб зносіны не толькі з яго творчасцю, але і з ім былі сапраўднай асалодай для душы. Акрамя выпадковых наведвальнікаў бібліятэкі, на сустрэчу з паэтам прыйшлі яго родныя і сябры, а таксама калегі па працоўнаму калектыву ВА "Гродна-Азот", якому Мікалай Пятровіч аддаў амаль сорак гадоў жыцця. 

Распачалася імпрэза традыцыйна. Пра акцыю «Творы і творцы», яе ідэю і гісторыю распавялі загадчык аддзела абанемента ДУК «Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага» Жанна Пятроўна Макалава і куратар акцыі ад СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык. …Мікалай Пятровіч Іваноўскі распавёў пра вялікую, шматдзетную сям'ю, з якой ён родам, пра маленькую вёсачку Пачуйкі на скрыжаванні Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Мастоўскага раёнаў, адкуль паходзіць род Іваноўскіх, пра хату, якую збудаваў тата… Бацькі паэта былі майстрамі на ўсе рукі. І сваёй сям'і, і сваёй малой радзіме Мікалай Іваноўскі прысвячае шмат паэтычных радкоў, вельмі цёплых, кранальных вобразных слоў, па-народнаму шчырых, па-сыноўняму глыбокіх і шчымлівых. Любоў да роднага краю для паэта – гэта гонар, годнасць, гэта адказная, плённая праца. «Мне хацелася б, каб пра вёсачку Пачуйкі пачулі, – гаворыць паэт, – і ў нас, і ў Мінску, і далей, за межамі Беларусі». 

Аўтар пазнаёміў прысутных з рознымі этапамі свайго творчага жыцця, ахарактарызаваў кожны з іх. Шмат увагі ў творчасці Мікалая Іваноўскага надаецца тэме нашчадкаў: «Дзядуля па татавай лініі быў у падполлі. Немцы растралялі яго ў сорак другім. Ён быў бальшавік з Заходняй Беларусі. Разам з Прытыцкім сядзеў у турме…» Вельмі важную выхаваўчую ролю творца адводзіць роднай беларускай мове: «Дома ў нас заўсёды гучала беларуская мова. Да беларускай мовы мяне далучыў мой настаўнік Алесь Мікалаевіч Белакоз, заснавальнік літаратурна-краязнаўчага музея ў вёсцы Гудзевічы на Мастоўшчыне». 

…А потым гучалі вершы. Гучалі вершы, прысвечаныя брату паэта, вядомаму мастаку Дзмітрыю Іваноўскаму, іх матулі… “Усіх гэтых людзей ужо няма з намі. А памяць хацелася б, каб пра іх засталася”. Паэзію Мікалая Іваноўскага можна аднесці да аднаго з самабытных этнічных накірункаў. Яго творчы стыль не зблытаеш, ён вельмі своеасаблівы; у ім адчуваюцца рэгіянальныя карані, уплыў заходнебеларускага фальклора; гучаць непаўторныя асаблівасці мовы, характэрныя толькі для родных мясцін паэта. На пытанне аб тым, якія тэмы можна назваць у яго паэзіі самымі галоўнымі, літаратар жартоўна адказаў, што ён – як кіргізскі акын: што бачыць, пра тое і складае вершы. Падчас сустрэчы не сціхалі шчырыя апладысменты. Уся яна прайшла ў добразычлівай, сяброўскай атмасферы. І тут, здаецца, можна было б паставіць кропку. Але… 

Мікалай Іваноўскі бачыць грамадскую місію паэтычнага слова ў розных напрамках творчага пошуку, эксперыментуе. На словы паэта напісана некалькі песень. Гэтаму пакуль новаму для сябе захапленню з нядаўніх часоў творца надае вялікую ўвагу, ускладае на гэтую справу вялікія надзеі. Гэтай працай ён сур'ёзна захоплены, таму што разумее важнасць пашырэння сваёй аўдыторыі ад чытачоў да чытачоў і слухачоў, а таксама карыстальнікаў кампьютарнай сеткі Інтэрнэт. Менавіта тут можна паглядзець музычны кліп на песню, якую аўтар тэкста Мікалай Пятровіч Іваноўскі прысвяціў «роднаму» «Азоту», прадпрыемству ўсяго свайго жыцця. Нездарма песня так і называецца – «Родны «Азот» (аўтар музыкі Аляксей Пасекаў). Шмат спадзяванняў і творчага азарту ў Мікалая Пятровіча выклікае супрацоўніцтва з гродзенскім кампазітарам Аляксандрам Маркелавым. Аляксандр Якаўлевіч, дарэчы, таксама ўзяў удзел у літаратурнай імпрэзе, вельмі паважліва выказаўся пра пачутую паэзію і перспектывы супрацоўніцтва з самабытным беларускім паэтам. Запрашэнне да ўдзелу ў акцыі “Творы і творцы” прынялі ад Мікалая Пятровіча яго калегі па вытворчаму аб'яднанню “Гродна-Азот”, якія за дзесяцігоддзі сумеснай працы сталі для паэта ўжо таксама роднымі людзьмі. Але з іншага боку пазналі яго толькі цяпер, сур'ёзна зацікавіліся, высока ацанілі творчы патэнцыял паэта, задавалі пытанні, дзяліліся ўражаннямі ад пачутых лірычных вершаў, гумарыстычных баек і сатырычных замалёвак. 

Кожны меў магчымасць непасрэдна звярнуцца да творцы, да прысутнай аўдыторыі. У праграме акцыі з невялічкімі прамовамі выступілі: калега па СПБ, гродзенскі паэт Рыгор Гармаш;  родная сястра Мікалая Пятровіча Ганна; яго швагер Дзмітрый Сяргеевіч Аўсейчык; нявестка Вольга; прысутнічалі абедзве ўнучкі паэта. Слухачы атрымалі ў падарунак рукапісы з прагучаўшымі творамі – матэрыялам для чарговай кнігі. Як вынік акцыі – зборнікі паэзіі Мікалая Іваноўскага з аўтарскімі подпісамі на памяць занялі сваё месца на паліцах галоўнай бібліятэкі вобласці. У адрас галоўнага ўдзельніка мерапрыемства прагучалі светлыя словы дабрыні, якая нараджаецца сэрцам творцы, увасобленая ў слове і вобразе праходзіць праз душы людзей і вяртаецца – сагравае, асвятляе сабой навакольны свет. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ