Юбілей старажытнага горада


5 кастрычніка старажытны Навагрудак адзначыў сваё 975-годдзе

16.10.2019                                                          Новости


5 кастрычніка старажытны Навагрудак адзначыў сваё 975-годдзе. Цікавыя мерапрыемствы, што праходзілі ў горадзе ў гэты дзень, прыцягнулі ўвагу шматлікіх гасцей.  

Пасля святочнага перазвону на галоўнай плошчы горада адбылося ўрачыстае адкрыццё свята, у час якога зацікаўленыя гледачы змаглі яшчэ раз успомніць слаўную гісторыю горада Навагрудка. Калекцыянер У.Ліхадзедаў падрыхтаваў для жыхароў горада цудоўны падарунак – кнігу “Навагрудак. Падарожжа ў часе”, прэзентацыя якой адбылася падчас юбілею. А далей не пераставала гучаць музыка. Канцэрт Беларускага дзяржаўнага Музычнага тэатра змяніўся выступленнем Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, затым музычны падарунак Навагрудак атрымаў ад гарадоў-пабрацімаў, пазней увагу аматараў музыкі прыцягнула выступленне зорак беларускай эстрады.      

А ў гэты час каля Кургана Міцкевіча адбываўся Фестываль нацыянальных культур, дзе свае традыцыі і культуру яскрава і каларытна прадстаўлялі беларусы, украінцы, палякі і татары з Навагрудскага і суседніх рэгіёнаў. Цудоўныя выступленні артыстаў прадоўжыў народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча.       

Аматары гісторыі спяшаліся на Замкавую гару, каб на фестывалі гістарычнай рэканструкцыі “Меч караля” акунуцца ў атмасферу Сярэднявечча –  паназіраць за рыцарскімі турнірамі, паслухаць сярэдневяковую музыку, паглядзець прадстаўленне вулічнага тэатра і нават пакатацца на конях. Тым часам у горадзе адбылася яшчэ адна цікавая падзея – урачыстае адкрыццё памятнага знака “Уязная брама”, каля якога ўстаноўлена бронзавая скульптура рыцара “Абаронца горада”.       

Пра веліч старажытнага горада, які некалі з’яўляўся сталіцай ВКЛ, нагадала выстава, створаная супрацоўнікамі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея сумесна з Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеем. На выставе можна было ўбачыць археалагічныя знаходкі: кафлю XVII – XVIII ст., знойдзеную падчас раскопак драўлянага замка Кмітаў каля в. Беразавец ў Карэліцкім раёне, фрагменты зброі XIV –  XVI ст., жаночыя ўпрыгожанні XII –  XIV ст. і іншыя цікавыя экспанаты. Мастацкія творы К.Качана, А.Сільвановіча, С.Кузьмара прыгожа аздобілі выставу і нагадалі пра слаўнае гістарычнае мінулае нашай зямлі.     

У гэты ж дзень у музеі адбыўся рэтра-канцэрт “Старая пласцінка”, на якім калекцыянер Сяргей Лаўрушчык прадставіў патэфоны са сваёй калекцыі, расказаў пра гісторыю патэфона і даў магчымасць паслухаць цудоўныя песні, якія госці спявалі разам з выканаўцамі. А потым наведвальнікаў літаральна заваражылі прыгожыя строі старажытнага адзення нашых продкаў, што былі прадэманстраваны тут жа ў залах музея.

      

Дом-музей Адама Міцкевіча запрасіў на літаратурна-музычную сустрэчу аматараў мастацкага слова і музыкі. У паэтычнай гасцёўні выступілі пісьменнікі, паэты і барды – Алесь Гоцка, Святлана Абдулаева, Міхась Зюзюк, Таццяна Яцук, Святлана Кошур і іншыя. У час імпрэзы прагучалі вершы і песні, прысвечаныя гісторыі Навагрудка і людзям гэтага цудоўнага края, а таксама вершы А.Міцкевіча.        

Арт-пляцоўка “Правінцыйныя замалёўкі”, падрыхтаваная навучэнцамі Навагрудскіх каледжаў і бібліятэкай сямейнага чытання, прываблівала фотааматараў магчымасцю зрабіць цікавыя здымкі ў імправізаваным інтэр’еры з героямі літаратурных твораў.       

Навагрудская раённая бібліятэка сустракала гасцей свята вялікай літаратурна-мастацкай выставай “Навагрудак: гісторыя праз мастацтва”. Чытачы мелі магчымасць адправіцца ў віртуальную гістарычна-літаратурную экспедыцыю “Навагрудчане на карце свету”, пагартаць старонкі гістарычных кніг у бібліякафэ, набыць кнігі і ўзяць аўтограф у пісьменніка Юрыя Татарынава.       

На свяце і дарослыя, і дзеці знайшлі для сябе шмат цікавага – слухалі прыгожую музыку, знаёміліся з гісторыяй горада, удзельнічалі ў літаратурных імпрэзах, спявалі і танчылі, набывалі сувеніры ў “Горадзе майстроў”, назіралі за святочным салютам. Яркія моманты свята выклікалі ў людзей шмат станоўчых эмоцый і далі магчымасць яшчэ раз задумацца аб тым, што мы маем багатую гістарычную спадчыну, якую трэба шанаваць і старанна захоўваць.               

Святлана КОШУР 

Фота аўтара і Мікалая Гайбы

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси