Берасцейскія пісьменнікі завіталі на Камянеччыну


Берасцейскія пісьменнікі завіталі на Камянеччыну

28.10.2019                                                         Новости


Сонечным восеньскім днём 20 кастрычніка дэлегацыя прадстаўнікоў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі завітала на гасцінную Камянеччыну. І гэты візіт стаў для мяне асабліва важным, бо ўпершыню мае сябры па пяры ўбачылі на свае вочы прыгожы пушчанскі край, які некалькі гадоў таму стаў для мяне, ураджэнкі Маладзечна, што на Міншчыне, яшчэ адной малой Радзімай.

Надзвычай сонечная нядзеля, цеплыня, нязвыклая для канца другога месяца восені, чароўныя рознакаляровыя пейзажы за акном сталі аздабленнем падарожжа, якое пачалося з далучэння да гістарычнага мінулага камянецкай зямлі, што заслугоўвае асобнай кнігі, а дакладней аднаго яе кутка – вёскі Ражкоўка. Тут у 1942 годзе адбыўся сапраўдны цуд: жыхары гэтага невялічкага населенага пункта сярод лясоў, прыгавораныя немцамі да расстрэлу, былі выратаваныя літасцю Маці Божай. Яе светлы вобраз з’явіўся ў небе нямецкаму афіцэру, які пралятаў над расстрэльнай ямай на самалёце і, уражаны, дабіўся адмены пакарання. Людзі засталіся жывымі і ў знак удзячнасці сваёй выратавальніцы пабудавалі царкву. Менавіта ў ёй і пабывалі пісьменнікі…

Пасля службы адбылося знаёмства з настаяцелем храма ў Ражкоўцы, айцом Ігарам Пяркоўскім, які больш падрабязна расказаў гасцям шчымлівую, страшную і радасную адначасова гісторыю выратавання, а на развітанне падарыў усім удзельнікам дэлегацыі іконкі ражкоўскай Божай Маці і пажадаў плёну на ніве творчасці.

Напоўненыя асаблівым святлом веры, якая ратуе жыцці, пісьменнікі накіраваліся ў старажытны Каменец, дзе іх ужо чакалі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Усевалада Ігнатоўскага. Спецыяльна для сустрэчы супрацоўнікі храма кнігі падрыхтавалі выставу выданняў сяброў абласнога аддзялення СПБ, якія ёсць сёння тут на паліцах.

Сустрэчу з чытачамі распачала старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч, пазнаёміўшы іх з творчым жыццём пісьменніцкай суполкі. Пра свае дасягненні і здабыткі расказалі намеснік старшыні, паэтка Любоў Красеўская; пісьменніца, уладальніца Нацыянальнай літаратурнай прэміі мінулага года Зінаіда Дудзюк; заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, былы кіраўнік наймацнейшага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Астрамечава”, аўтар навуковых кніг Аляксей Скакун; паэтка Таццяна Шульга і аўтар гэтых радкоў. Сярод слухачоў, дарэчы, быў яшчэ адзін свяшчэннік – айцец Алексій Барзоў, які таксама піша вершы і песні (з ім творчая сябрына Берасцейшчыны даўно сябруе).

На заканчэнне сустрэчы госці з радасцю падпісалі і перадалі камянецкай бібліятэцы свае кнігі, якія, безумоўна, будуць карыстацца папулярнасцю з чытачоў.

І пасля калектыўнага фота ля Камянецкай вежы на памяць (як жа без яго?) пісьменнікі развіталіся з гасцінным горадам. Каб завітаць сюды яшчэ раз? Час пакажа…

Настасся НАРЭЙКА