Залатое пяро Георгія Тамашэвіча


Творчая сустрэча з Георгіем Тамашэвічам прайшла ў Брэсце

06.11.2019                                                         Новости


Творчая сустрэча з паэтам, заслужаным журналістам і сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгіем Тамашэвічам прайшла ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна.

Нагодай яе стала 80-годдзе творцы. Павіншаваць юбіляра завіталі калегі па пяру, сябры і знаёмыя.

Нашчадкам слова застаецца

Усё сваё жыццё Георгій Сцяпанавіч служыць слову. Яшчэ пад час вучобы ў школе браў удзел у літаратурных конкурсах, друкаваўся ў раённых і рэспубліканскіх выданнях. Нягледзячы на тое што ён скончыў Калінінградскае медвучылішча, яго ўсё роўна вабіў літаратурна-журналісцкі шлях, які прывёў будучага творцу на факультэт журналістыкі Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Шаўчэнкі.

Шаснаццаць год Георгій Тамашэвіч узначальваў баранавіцкую шматтыражную газету «Тэкстыльшчык». З 1984 па 1991 год загадваў сектарам сродкаў масавай інфармацыі абкама КПБ. Быў кіраўніком абласнога арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні кніг «Памяць». Затым начальнікам упраўлення па друку Брэсцкага аблвыканкама. Больш за дзесяць год ён знаходзіўся на пасадзе старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў. У вялікім паслужным спісе яго знайшлося месца для члена камітэта па прэміях і прафесійнай этыцы Беларускага саюза журналістаў і кіраўніка прэс-групы абласнога савета ветэранаў.

Георгій Сцяпанавіч з ліку тых, чыё імя назаўжды ўпісанае ў гісторыю літаратуры і журналістыкі. З-пад яго пяра выйшлі кнігі «Жытнёвае поле», «Новы дзень», «Шлях», зборнік санетаў «Анёл над Брэстам»… Дзякуючы яго клопату літаратурная скарбонка папоўнілася і саліднай калекцыяй зборнікаў: «Берасцейскія карані», «Нашчадкам слова застаецца», «Брэстчына вачыма журналістаў», «Зямля берасцейская».

Творчыя дасягненні яго адзначаныя шматлікімі ўзнагародамі. Георгій Тамашэвіч —выдатнік друку Беларусі, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро», «Чалавек года-2013» Брэсцкай вобласці… З 2009 года з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. 

Сакрэт маладосці

Усё жыццё Георгій Сцяпанавіч ідзе з дэвізам: «Працуеце — і праца будзе працаваць на вас». Сакрэт поспеху яшчэ ў тым, што ён жыве не толькі дзеля сябе, але і для іншых. Ён гатовы бясконца дзяліцца сваёй душэўнай цеплынёй і мудрасцю, кожнаму дасць параду, умее выслухаць і падтрымаць у складанай жыццёвай сітуацыі. Ён усяляе натхненне на творчасць так гуманна, праўдзіва, што ўсе сумненні знікаюць і разумееш, у якім напрамку рухацца далей.

Нягледзячы на ўзрост, у ім жыве маладая душа, здатная да новых адкрыццяў. На сустрэчы Георгій Тамашэвіч прызнаўся: «Я да апошняга часу не думаў, не заўважаў і не імкнуўся засяродзіць увагу, што мне ўжо столькі год. Непатрэбна займацца нейкім падлікам. Сакрэт маладосці, бадзёрасці схаваны ў творчасці. Не патрэбна задумвацца, колькі табе гадоў, а трэба тварыць і атрымліваць асалоду ад таго, што знаходзіцца вакол нас. Павінен быць пазітыў у нас саміх і нашых думках». 

З пажаданнем

Асаблівай і непаўторнай атрымалася сустрэча з майстрам слова. Кранальна было пачуць ад творцы: «Думаў, не буду хвалявацца, але, відаць, так зроблена душа, а можа, і я ўжо такім чулым стаў, што так лагодна, з цеплынёй рэагую на такую добрую атмасферу». Тут сапраўды было ўсё: успаміны, развагі, меркаванні, гучанне лірычных радкоў і чароўных мелодый, прысвечаных юбіляру. І, безумоўна, віншаванні ад сяброў — пісьменніка, публіцыста Аляксандра  Юдзіцкага, паэткі, намесніка старшыні абласнога СПБ Любові Красеўскай, аграрыя і публіцыста Аляксея Скакуна, пісьменніцы Лідзіі Касачук і іншых. У выкананні Валерыі Данілюк, Ганны і Лізаветы Паўшук, Анастасіі Качаноўскай і Крысціны Мацкевіч, навучэнцаў народнага тэатра-студыі “Раёк” (педагог – Віялета Брыч), прагучалі вершы Георгія Тамашэвіча.

Салісты ўзорна-вакальнай студыі “Фантазія” Дома культуры чыгуначнікаў г.Брэста (кіраўнік – Наталля Капліна) Валерыя Бідзюра і Мілана Дземідовіч павіншавалі паэтамузычнымі нумарамі.

На памяць аб сустрэчы паэт падарыў бібліятэцы свой новы зборнік вершаў “Анёл над Брэстам: вянок санетаў”, выдадзены да 1000-годдзя Брэста.

У завяршэнні старшыня абласной суполкі Саюза пісьменнікаў Таццяна Дземідовіч ад імя старшыні СПБ Мікалая Чаргінца ўручыла юбіляру ганаровую грамату — за значны творчы ўклад у беларускую літаратуру і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Віншуючы яго, яна адзначыла: «Творчасць Георгія Сцяпанавіча стала жывым сімвалам тысячагоддзя Брэста. Паэт вельмі трапятліва ставіцца да слова, бо разумее, што слова — гэта зерне, якое пасадзі, яно вырасце на дабратворнай глебе. Вершы яго чытаюць дзеці, а гэта значыць, што слова жыве і будзе жыць. Георгій Тамашэвіч асоба шматгранная: ён тонкі псіхолаг, мудры чалавек, таленавіты журналіст і паэт. Ён сапраўды чалавек-легенда». 

Наталля ШЛЯЖКА, газета «Брестский вестник»

Фота –  Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна