Словам пародненыя


18 лістапада ў госці да пісьменнікаў Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ завіталі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы

26.11.2019                                                         Новости


Добрай традыцыяй сталі сустрэчы студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і літаратараў, прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яшчэ зусім нядаўна, у пачатку лістапада 2019 года група пісьменнікаў правяла тэматычны занятак-брыфінг са студэнтамі-філолагамі ў адной з аўдыторый ВНУ. А 18 лістапада ў госці да пісьменнікаў завіталі студэнты 2-га курса спецыяльнасці "Журналістыка". 

Ініцыятарам абодвух лістападаўскіх сустрэч стала наша калега па СПБ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, паэтэса Аліна Сабуць. І за гэта мы вельмі ўдзячныя Аліне Эдмундаўне. У офісе Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ гасцей прымалі старшыня аддзялення, вядомая беларуская паэтэса, празаік Людміла Кебіч; лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая; украінскі паэт з Гродна Рыгор Гармаш і паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык. 

Сустрэча ў пісьменніцкім офісе ў рамках універсітэцкага курсу літаратуразнаўства мела канкрэтную тэму; гучала яна вельмі аб’ёмна і патрыятычна – “Літаратурная Гродзеншчына: постаці, праблемы, перспектывы”. Удзельнікаў сустрэчы зблізіла, аб'яднала яе агульная ідэя, адлюстраваная ў тэме. Літаратары шчыра падзяліліся з журналістамі не толькі дасягненнямі, але і абмеркавалі надзённыя праблемы. Лідар пісьменніцкай арганізацыі Людміла Антонаўна Кебіч пазнаёміла гасцей з літаратурнай дзейнасцю СПБ, з удзелам пісьменнікаў Прынёмання ў культурным і грамадскім жыцці рэгіёну і краіны. У сваім аглядзе кіраўнік пастаралася прыцягнуць увагу моладзі да найбольш значных, рэзанансных праектаў ГАА СПБ, як мясцовых, так і міжнародных. “Адметным у нашай працы з'яўляецца тое, што большасць з нашых творчых праектаў арыгінальныя, не маюць аналагаў у Беларусі, – падкрэсліла Л. А. Кебіч. – Ёсць таксама і ўніверсальныя, адкрытыя праекты – тыя, што разлічаны не толькі на калегаў па СПБ, але і даступны ўсім жадаючым, аўтарам-пачаткоўцам і проста аматарам літаратуры. Таму, калі ласка, далучайцеся!”. 

У атмасферы творчай майстэрні, якая заўсёды пануе ў пісьменніцкім офісе, студэнты-журналісты адчувалі сябе даволі ўпэўнена. Паэты прачыталі свае вершы, распавялі аб асаблівасцях і розных этапах сваёй творчасці, адказалі на шматлікія пытанні аўдыторыі. Хоць у ліку пытанняў пераважалі традыцыйныя, ужо звыклыя пісьменнікам, спадзяемся, кожны з удзельнікаў дыялогу паўстаў постаццю. А некаторыя з пералічаных праблем можна назваць агульнымі для кожнага з нас, грамадзян краіны. Перспектывы іх  вырашэння варта шукаць як раз у такіх дыялогах творчых людзей з моладдзю.

Што і казаць, адносіны прадстаўнікоў чацвёртай улады, а менавіта так прынята называць журналістаў, да літаратараў Гродзеншчыны маглі б быць значна лепш і цяплей. Таму ў вачах гасцей паэты спрабавалі разглядзець разуменне і дружалюбнасць, якога часам так не хапае ў дынамічным і бескампрамісным свеце інфармацыі. Але якімі б суровымі не былі законы рынку, як дорага б не каштавалі час тэлеэфіру або плошча газетнай старонкі, тут заўсёды знаходзіцца і будзе знахадзіцца месца для чалавечай душы, насцеж раскрытай у слове. Таму вынік сустрэчы відавочны: ўсе яе ўдзельнікі адчулі роднасць, дзякуючы абранай справе жыцця, дзякуючы свайму дачыненню да агульнай каштоўнасці кожнага цывілізаванага чалавека – да Яго Вялікасці Слова. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ