Пісьменнікі Гомельшчыны – гораду над Сожам: творчая акцыя ў дзень 76-ай гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


Творчая акцыя ў дзень 76-ай гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшла ў Гомелі

28.11.2019                                                         Новости


«Люблю цябе, мой горад, стары і малады!..» – так называлася творчая акцыя, якую арганізавала Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” разам з народным аматарскім калектывам “Арт-кафэ на Ірынінскай”.

Вечарам 26 лістапада ў гарадскім цэнтры культуры было вельмі шматлюдна: пісьменнікі і аматары мастацкага чытання ў дзень вызвалення абласнога цэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сабраліся разам, каб аддаць даніну павагі тым, хто вызваляў горад над Сожам, нагадаць гамяльчанам і пра вялікі ўклад у вызваленне роднай краіны, які ўнеслі беларускія мастакі слова – пісьменнікі-франтавікі.

Змястоўнае паведамленне на ўрачыстасці зрабіў празаік, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. У прыватнасці, ён адзначыў, што  Вялікая Айчынная вайна, якая стала ў гісторыі чалавецтва самай кровапралітнай і доўжылася амаль 4 гады, адбілася ў сэрцы кожнага жорсткай трагедыяй, якая забрала жыцці мільёнаў людзей.

“Сёння мы адзначаем чарговую гадавіну вызвалення Гомеля, і ніколі не павінны забываць, што толькі афіцыйна за яго вызваленне загінула амаль 22 тысячы савецкіх воінаў. Вечная ім памяць! – падкрэсліў літаратар. – Пісьменнікі-франтавікі – гэта асобнае пакаленне гераічных асоб, якія выпрабавалі на сабе цяжар ваеннага і пасляваеннага перыяду. Некаторыя з іх загінулі на фронце, іншыя пражылі даўжэй і памерлі, як той казаў, не ад старасці, а ад старых ран…”

Старшыня аддзялення СПБ закрануў у сваім выступленні шэраг фактаў з біяграфій  савецкіх літаратараў, якія вызвалялі Гомель ці працавалі тут адразу пасля вызвалення.

Так, ён нагадаў прысутным,  што Гомель вызвалялі сусветна вядомы празаік Аляксандр Салжаніцын, паэт Яўген Далматоўскі, а ў 1943 годзе ў Гомелі друкавалася сатырычнае выданне “Раздавім фашыскую гадзіну”, галоўным рэдактарам быў Кандрат Крапіва.

– Многія будучыя беларускія літаратары  пачыналі сваю дзейнасць на фронце. Праўдзівыя, высокамастацкія, па-са­праўднаму народныя творы пра вайну напісаны нашымі землякамі, народнымі пісьменнікамі Беларусі Іванам Мележам, Іванам Шамякіным, Іванам Навуменкам, драматургам Андрэем Макаёнкам, выдатнымі літаратарамі Паўлюком Прануза, Міколам Гамолкай, Аляксандрам Капусціным, Міхасём Даніленкам і многімі іншымі. Таму што яны ад жыцця, – канстатаваў Уладзімір Гаўрыловіч. І прачытаў ўрыўкі  з  рамана  Івана Шамякіна «Глыбокая плынь» пра пачатак акупацыі фашыстамі роднага краю, з трагікамедыі Андрэя Макаёнка “Трыбунал”, вершы Янкі Купалы і  Паўлюка Пранузы, чым падкрэсліў яшчэ раз, што пісьменнікі-франтавікі даступным і зразумелым словам данеслі страшную рэальнасць вайны, трагічныя лёсы людзей і праяўленыя імі мужнасць і гераізм, што гэтыя творы выхоўваюць дух патрыятызму і любові да Радзімы, вучаць шанаваць блізкіх і родных, берагчы мір на нашай планеце. Так, дзейнасць беларускіх пісьменнікаў набліжала Перамогу, дарыла надзею, заклікала на подзвігі. Беларуская літаратура ў гады Вялікай Айчыннай вайны мела вялікае значэнне і была непарыўна звязана з антыфашысцкім рухам, яна паказала гераічнасць і непераможны дух беларускага народа.

А завяршыў сваё разгорнутае выступленне сучасны беларускі пісьменнік і кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі пытаннем да літаратараў: а ці патрэбна сёння пісаць пра вайну?  

Уладзімір Гаўрыловіч перакананы: адказная i высакародная мiсiя  і сучаснай лiтаратуры — уславiць народны подзвiг, гаварыць праўду пра гераiчнае i трагiчнае ў нашай гiсторыi, зберагчы i данесцi нашчадкам святую памяць, бо тэма вайны яшчэ не да канца вычарпана нашымі папярэднікамі. I ў далейшым яна павiнна знаходзiць глыбокае, яркае i таленавiтае ўвасабленне ва ўсiх жанрах лiтаратуры. Нельга сёння маўчаць і не  выказаць рашучае «Не!» тым, хто скажае, перарабляе гiсторыю, здзекуецца з усенароднага подзвiгу i памяцi пра яго, прынiжае ролю савецкага народа ў вызваленнi свету ад фашысцкага iга.

Дарэчы, сучасныя гомельскія аўтары – члены СПБ – працягваюць добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў. У верасні выйшаў новы праект – трохмоўны  альманах “Літара”, дзе якраз і змешчаны многія іх творы пра падзеі Вялікай Айчыннай. Тэма гэта глыбока хвалюе як Уладзіміра Гаўрыловіча, Васіля Ткачова, Міхася Болсуна, Соф’ю Шах і Ізяслава Катлярова, Тамару Кручэнку і Ніну Шкляраву, Аляксандра Каляду, Валянціну Кадзетаву і Алега Ананьева, Раісу Дзяйкун і Галіну Рагавую, Уладзіміра Шпадарука і Ганну Атрошчанку, Яўгена Калашнікава і Івана Цітарэнку, Людмілу Яськову і Лілію Бандарэвіч, Аляксандра Атрушкевіча і Аляксандра Джада, Івана Лосікава і Аляксея Сазанчука, так і маладзейшых аўтараў Іну Спасібіну, Уладзіслава Шышыгіна, Дар’ю Дарошка, а таксама членаў абласной пісьменніцкай арганізацыі, якія пражываюць за межамі краіны - Леаніда Севера і Анатоля Міроненку,

—  Пiсаць пра вайну праўдзiва — грамадзян­скi абавязак пiсьмен­нiка, бо лiтаратура — жывая гiсторыя народа, i яна павiнна данесцi гiстарычную праўду наступным пакаленням, — адзначалася на знакавай вечарыне ў гарадскім цэнтры культуры.

Са сцэны гучалі пранікнёныя лірычныя творы-прысвячэнні вызваліцелям горада над Сожам, успаміны пра сапраўдных герояў, музычныя прысвячэнні і сучасным жыхарам абласной сталіцы. Шчырымі і ўдзячнымі апладысментамі віталі чытачы і гледачы творчай імпрэзы вядомых гомельскіх літаратараў Міхася Болсуна, Галіну Рагавую, Генадзя Говара, Аляксандра Атрушкевіча, Надзею Дзмітрыеву, Ніну Шкляраву, Уладзіслава Шышыгіна, Вольгу Раўчанка,  нядаўна прынятых у пісьменніцкую сям’ю рэгіёна празаіка Іну Зарэцкую і паэта Анатоля Мохарава, а таксама цёпла сустракалі ўдзельнікаў аматарскага калектыва “Арт-кафэ на Ірынінскай” Дзмітрыя Нілава, Ганну Палякову, Сямёна Аронава, Таццяну Чэкед, Галіну Радзіёнаву. Цёпла былі сустрэты і музычныя кампазіцыі, якія выканалі музыкант, выканаўца і малады паэт Сяргей Старыкаў (на словы Пятруся Броўкі), а таксама Віктар Задарожны (на словы гомельскага паэта Валерыя Ветошкіна).

Творчая акцыя літараратаў, якая доўжылася больш дзвюх гадзін, прайшла вельмі па-сямейнаму, узрушана і сардэчна, і за гэта гомельскім пісьменнікам шчыра дзякавалі гамяльчане і госці горада над Сожам. 

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”