Прэзентацыя кнігі “Трылогія прыгод тысячагоддзя” Анатоля Брытуна прайшла ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага


Прэзентацыя кнігі “Трылогія прыгод тысячагоддзя” Анатоля Брытуна прайшла ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага

29.11.2019                                                         Новости


Сустрэча прымеркавана да 80-годдзя Брэсцкай вобласці і 80-годдзя Брэсцкай мытні.

Пісьменнік-мытнік

Анатоль Брытун – празаік, публіцыст, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Нарадзіўся ён ў вёсцы Баранцы Жабінкаўскага раёна. У 1973 годзе скончыў Верхалескую сярэднюю школу, а ў 1977-м  – Пніскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, потым – Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынера-гідратэхніка, а пазней – Брэсцкі педагагічны інстытут.

Каля 30 гадоў працуе ў нашай мытні. З 2007 года пачаў актыўна займацца літаратурай, хоць спробу пісаць пачаў яшчэ ў маладыя гады. Упершыню выступіў у друку ў газеце “Паляўнічы-рыбалоў”. Аўтар рамана “Пах мускусу”, аповесці “Сяліба” і многіх іншых твораў,  якія неаднаразова друкаваліся на старонках часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, “Бярозка”, а таксама рэспубліканскіх і абласных газет.

Новую кнігу “Трылогія прыгод тысячагоддзя” пісьменнік прысвяціў міленіўму Брэста. Выданне ўключыла ў сябе тры творы – “Ашуканая ганарыстасць вікінга”, “Шчарбіны ятвяжскай сякеры”, “Вечны стражнік, або Ятвяжскі ваяр пад Грунвальдам”. Усе яны  прысвечаныя мінулым старонкам гісторыі нашай краіны, Бярэсця і Белавежскй пушчы.

Героямі дзвюх легенд і адной аповесці сталі яцвягі і ліцвіны, якія мужна змагаліся за незалежнасць, сваю зямлю. Анатоль Арцёмавіч па сваёй натуры рамантык, таму творы яго смела можна назваць рамантычна-прыгодніцкімі. Творчасць аўтара – гэта найперш адносіны творцы да роднага краю, яго гісторыі, месцаў адкуль пайшлі яго карані роду, а таксама аб людзях, з якімі аднойчы звязаў лёс.

Пісьменнік па-сапраўднаму ўлюблёны ў родную мову і гісторыю нашага краю, таму ўсе яго творы напісаныя па-беларуску і прысвечаныя мінуламу.

“Гісторыяй я захапляўся заўсёды, – падзяліўся ён падчас імпрэзы. – Мне здаецца, што кожны мужчына павінен цікавіцца сваёю гісторыяй. Чым больш яе пазнаеш, тым больш яе хочацца ведаць”. Акрамя таго, ён лічыць, што кожны беларус павінен ведаць родную мову.

Яго чытаюць, ды яшчэ і як!

 Імпрэза была скіравана не толькі на новым выданні, але і на папярэдніх кнігах. Многа добрых слоў атрымаў пісьменнік у свой адрас ад удзячных чытачоў. Што асабліва важна для кожнага творцы, дык гэта каб яго творы чыталі. Анатоля Брытуна чытаюць, дыя яшчэ і як! Наапрыклад, каб прачытаць яго “Пах мускусу” і аповесць “Сяліба” ў Кобрынскай бібліятэцы, чытачы чакаюць сваёй чаргі ажно па два месяцы! Знаходзяцца сярод іх і тыя, хто чыталі творы па пяць разоў.

Мажліва, такая папулярнасць у аўтара і таму, што ўсе яго творы пранікнёныя любоўю і цеплынёй да самага дарагога, што ёсць у кожнага з нас –  малой і вялікай Радзімы, родных, людзей, якія жывуць побач з намі. Вось і прысутным пісьменнік сказаў: “Ведайце і памятайце сваю гісторыю. Як мага больш пытайцеся ў сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль аб мінулым. Упэўнены, ім ёсць што вам распавесці”. Дый і піша Анатоль Арцёмавіч па-асабліваму: тут адданасць, развага, суперажыванне, гумар, тонкасць чалавечай душы, акрамя таго, цікавы сюжэт і лёгкасць паразічнага радка.

Душэўна прайшла імпрэза. Шмат добрых слоў атрымаў падчас  прэзентацыі пісьменнік ад сяброў па пяры: Любові Красеўскай, Зінаіды Дудзюк, Георгія Тамашэвіча, а таксама ад калег па працы.  Віншуючы Анатоля Арцёмавіча, начальнік аддзела па ідэалагічнай працы Брэсцкай мытні Сяргей Селіванец адзначыў, што калектыў ганарыцца  поспехамі калегі і жадае яму ў далейшым толькі плённай працы.

Спадзяемся, што і новая кніга “Трылогія прыгод тысячагоддзя”, як і папярэднія, знойдзе свайго чытача.

Наталля ШЛЯЖКА, газета “Брестский вестник”

Фота з сайта Брэсцкай мытні