Літаратурныя навіны Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі


Літаратурныя навіны Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

29.11.2019                                                         Новости


ДА 120-ГОДДЗЯ МІХАСЯ ЛЫНЬКОВА

У Рагачове прайшла творчая вечарына, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры — народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Міхась Лынькоў — адна з самых выдатных творчых і арганізатарска-кіруючых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу пачынаючы з сярэдзіны 20-х гадоў. Ён — сын сваёй эпохі з усімі яе перамогамі, ілюзіямі, памылкамі.

Юным чытачам пра жыццёвы і творчы шлях распавёў член Савета абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, празаік Міхась Сліва. Літаратар, у прыватнасці, адзначыў, што творы Міхася Лынькова даўно і па справядлівасці сталі адметнаю старонкаю беларускай літаратуры, адной з найярчэйшых з’яў нашай культуры. Так, раман “Векапомныя дні” М. Лынькова, як і аповесць І. Шамякіна “Глыбокая плынь” (1949), раман I. Мележа “Мінскі напрамак” (1952) не толькі склалі важнае звяно ў развіцці беларускай прозы на тэму вайны. Яны накрэслілі ўжо яе новы рубеж. Але, каб гэты рубеж быў дасягнуты і заваяваны, спатрэбіліся важныя змены ў грамадскім жыцці сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя.

Галоўны вынік творчай працы пісьменніка — кнігі: “Векапомныя дні”, “Гой”, “На чырвоных лядах”, “Пра смелага ваяку Мiшку i яго слаўных таварышаў”, “Андрэй Лятун”, “Астап”, “Сустрэчы”, “Ядвісін дуб”, “Міколка-паровоз” — выпрабаваны часам, яны прынясуць шмат станоўчых эмоцый і сучаснаму чытачу, перакананы Міхась Сліва.


 “ВОЖЫК – ГЭТА ЦІКАВА!”

У рамках Года літаратуры для дзяцей і юнацтва, які праходзіць на Гомельшчыне у 2019 годзе і працягнецца ў 2020-ым, у Рагачове адбылася сустрэча юных чытачоў часопіса “Вожык” з  пастаянным аўтарам гэтага выдання Міхасём Слівай.

Літаратар распавёў пра літаратурна-сатырычнае выданне, якое выкрывае мастацкім словам недахопы сучаснага жыцця, расказаў і пра сваю творчасць. Міхась Сліва добра вядомы рэспубліканскаму чытачу, які пісьменнік-гумарыст, выдаў шмат кніг гумару і сатыры. 


ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ І НЕ ТОЛЬКІ…

піша свае мастацкія творы вядомы гомельскі паэт Яўген Калашнікаў.

Днямі ён, у рамках Года літаратуры для дзяцей і юнацтва, выступіў перад вучнямі пачатковых класаў у сярэдняй школы №52 г. Гомеля.

Пісьменнік пазнаёміў школьнікаў з новымі кнігамі і творамі, а вучні з задавальненнем дэкламавалі вершы паэта. Сустрэча прайшла цікава і змястоўна. Юныя чытачы і іх настаўнікі запрасілі Яўгена Калашнікава яшчэ наведаць іхнюю школу – тут заўсёды рады сапраўдным пісьменнікам.


У ГОД ЛІТАРАТУРЫ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ І ЮНАЦТВА

актыўна працуе з юнымі чытачамі і маладая гомельская паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іна Спасібіна.

Так, у другой палове лістапада яна правяла дзве цікавыя творчыя сустрэчы ў раённым цэнтры Добруш.

Першая з іх адбылася ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №1 горада Добруша” – Іна Мікалаеўна правяла літаратурную гутарку з вучнямі пачатковых класаў, а ў сярэдняй школе №3 адбылася яе сустрэча са старшакласнікамі.

На  абодвух мерапрыемствах паэтэса расказвала пра сябе і свой лёс, чытала вершы, гутарыла з дзецьмі на тэмы, якія іх хвалююць, адказвала на шматлікія пытанні, а дзеці слухалі вельмі ўважліва, з вялікай цікавасцю дзяліліся сваімі захапленнямі. Дарэчы, удзел у гэтых сустрэчах узяла і старшыня Гомельскага абласнога аддзялення РГА “Русское общество” Алена Шацько.

Год літаратуры для дзяцей і юнацтва працягвае свой асветніцкі рух па Гомельшчыне. Па стане на 28 снежня, літаратары Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі правялі ў рамках аб’яўленай на 2019-2020 гады спецыяльнай літаратурнай акцыі ўжо звыш 900 выступленняў, прэзентацый і майстар-класаў для дзяцей і моладзі, якія спрабуюць пісаць, паведамілі ў Савеце аддзялення СПБ. 

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”