Аўтограф


Пісьменнік Сяргей Трахімёнак завітаў у літаратурную гасцёўню “Аўтограф

02.12.2019                                                         Новости


Пад такой назвай працуе літаратурная гасцёўня ў інтэрнаце № 8 Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, створаная сталічным аддзяленнем СПБ. Пісьменнік Сяргей Трахімёнак, які быў нядаўна запрошаны сюды, прадставіў да ўвагі студэнтаў некалькі сваіх кніг. Адказаў на пытанні і паказаў фільм “Ён жыў паэтам”, аўтарам сцэнарыя якога з’яўляецца. Фільм быў зняты па творчасці паэта, празаіка, барда Мікалая Шыпілава.

А днямі ў 15-ай дзіцячай бібліятэцы ўдзельнікі студыі “Малінаўскія галасы” мелі магчымасць пазнаёміцца з фільмам “Крэпасць над Бугам”. Да прагляду далучыліся іх бацькі, дарослыя наведвальнікі бібліятэкі.

Апошняя дэкада лістапада вельмі багатая на літаратурныя падзеі. Так, свой творчы аўтограф пакінуў на старонках сустрэч літаратурнай гасцёўні “Верасок” пісьменнік, бард Аляксандр Вашчанка. Аляксандр Пятровіч прэзентаваў кнігу “Беларуская кухня”(2019 г) і падзяліўся з навучэнцамі каледжа (будучымі кандытарамі) старадаўнімі сакрэтамі прыгатавання сапраўднага беларускага хлеба, распавёў пра паўзабытыя стравы – аўсяны кісель, камы, клёцкі.

Прагучалі і песні ў выкананні Аляксандра Пятровіча. Вядучая мерапрыемства паэт Іна Фралова закончыла імпрэзу ўжо традыцыйнымі бліц-пытаннямі пра дзеячаў беларускай літаратуры.

Ганна СТАРАДУБ

Фота аўтара