
04.12.2019 Слово писателю
4 снежня пасля працяглай хваробы перастала біцца сэрца шчырага беларуса, таленавітага журналіста і пісьменніка Віктара Аляксандравіча Лоўгача.
Віктар Аляксандравіч нарадзіўся 15 жніўня 1936 года ў вёсцы Хісцецкі Бор Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Больш за 50 гадоў працаваў у сродках масавай інфармацыі Гомельшчыны, прайшоў шлях ад літсупрацоўніка да галоўнага рэдактара раённай газеты.
Член Беларускага саюза журналістаў. У 2006 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Пісаў на беларускай мове апавяданні, гумарэскі, публіцыстыку. Выдаў пяць кніг гумару, тым ліку “Таблеткі для сну”, “Эліксір здароўя” і “Замовы ад спакус” і інш. Надрукаваў дакументальную аповесць “Пірат, узяць!”.
Сатырычныя і гумарыстычныя творы друкаваліся ў раённых, абласной і рэспубліканскіх газетах, часопісах і шматлікіх зборніках, альманахах. Асабліва плённа супрацоўнічаў з часопісам “Вожык”.
Жыў ў гарпасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці.
Саюз пісьменнікаў Беларусі, Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА СПБ глыбока смуткуюць з нагоды смерці таленавітага журналіста і літаратара, выказваюць спачуванні родным і блізкім нябожчыка.
Вечная Вам памяць, шаноўны Віктар Аляксандравіч!