Партрэт, аздоблены браткамі…


Пятыя беларускія Калядныя адукацыйныя чытанні прайшлі ў Мінску

09.12.2019                                                          Новости


Успаміны архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана зрабілі вялікае ўражанне на ўдзельнікаў Пятых беларускіх Калядных адукацыйных чытанняў у Мінску.

Па стане здароўя Уладыка адсутнічаў, але 29 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы яго даклад “Праваслаўная Царква і Вялікая Айчынная вайна: духоўныя вытокі Вялікай Перамогі” агучыў ураджэнец Лунінца, епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Прасякнуты асабістымі перажываннямі расповед крануў сэрца кожнага.

У міру палескага архірэя клічуць Ігар Пятровіч Корзун, а яго малая радзіма – вёска Карзуны Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Ён нарадзіўся 25 сакавіка 1944 года, выпрабаваў нягоды акупацыі як “дзіця вайны”, а пасля вызвалення Беларусі сям'я атрымала “пахаванку” – на фронце загінуў яго дзед, бацька мамы.

Лепшая памяць – малітва. Але складана ўзнесці яе на тысячах магіл нашых родных, якія адлюстроўваюць “геаграфію Еўропы”. Уладыка Сцяфан даў прыклад мудрасці. Ён узвёў храм-помнік у роднай вёсцы на месцы, прасякнутым “разумным, добрым, вечным”.

Пачатковая школа, якая размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце, апошнім часам была знесена. Але там вучыліся ўсе тыя, хто пайшоў ваяваць і аддаў сваё жыццё за незалежнасць Айчыны. Там вучыўся Ігар Корзун. Сапраўды “святое месца пустым не бывае”! Мясціны дарагія архірэю ўспамінамі дзяцінства, але яшчэ больш яму дарагая памяць аб аднавяскоўцах, якія не вярнуліся з вайны. Намаганнямі Уладыкі Сцяфана пабудавана цэркаўка (з іканастасам і прастолам), вясной 2017 года асвячаная ў гонар Аўгустоўскай іконы Божай Маці. Аказалася, што большасць карзуноўцаў загінулі на той тэрыторыі, дзе было з'яўленне Багародзіцы ў 1914 годзе. Падобна храму Хрыста Збавіцеля ў Маскве, архірэй увекавечыў: у назве – памяць Першай сусветнай вайны, у мемарыяльных дошках, усталяваных як абразы на кіётах, – памяць Другой сусветнай вайны.

Загінуўшы на фронце дзед Уладыкі Сцяфана быў неардынарнай асобай. З адзнакай закончыў пачатковую школу, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, у гэты час бачыў цара, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стаў членам рэвалюцыйнага камітэта, на мітынгах слухаў выступленні Леніна. Вярнуўшыся дадому, ажаніўся. Са стварэннем калгаса працаваў там бухгалтарам. Студэнты сельгастэхнікума, якія прыязджалі ў Карзуны на практыку, пакідалі падзякі за добрыя адносіны да моладзі і перададзеныя ім веды.

Адкуль вядомыя гэтыя факты? Усе важныя паперы дзед складваў у грунтоўную кардонную папку. Пасля вайны яе берагла дачка загінуўшага, а цяпер сямейную рэліквію захоўвае Уладыка Сцяфан. Самым галоўным гістарычным дакументам з'яўляюцца “трохвугольнікі” дзеда з фронту.

Калі ўрыўкі з гэтых лістоў гучалі ў актавай зале, немагчыма было стрымаць слёзы. Што ж турбавала салдата? Вельмі простыя рэчы, на якія ў мітусні побыту часта не звяртаем увагі. Ён пісаў пра тое, што з ім служаць многія жыхары Карзуноў. Ён раіў родным, якія дачакаліся мірнага жыцця, не сварыцца па дробязях. Аднойчы папрасіў: калі не вярнуся, пасадзіце на градцы мае любімыя кветкі. І тут жа, дэманструючы сапраўды хрысціянскае смірэнне, загадзя дараваў родным: зрэшты, як у вас атрымаецца...

Атрымалася. Уладыка Сцяфан удыхнуў новае жыццё ў стары дом у Карзунах, каля якога – шмат раслін і кветак. У “чырвоным куце” разам з абразамі вісяць партрэты продкаў. Фота дзеда аздабляюць яго любімыя кветкі – засушаныя браткі (па-руску – анютины глазки)…

У дакладзе была яскрава адлюстравана тэма чытанняў “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі”, таму зразумела ўражанне ўдзельнікаў. Было шмат і іншых запамінальных момантаў маштабнага мерапрыемства ў сталіцы.

Пленарнае пасяджэнне адкрылася выступленнем хору “Лёсы”. Спявалі людзі, якія перажылі акупацыю, многія – былі вязнямі канцлагераў. Зала стоячы вітала “дзяцей вайны”. На экране дэманстраваліся кадры дакументальнага фільма “За бліжняга свайго” пра ролю праваслаўнага духавенства ў Вялікай Айчыннай. Кранальнымі былі песні ў выкананні інклюзіўнага хору “Радасць душы” – значную частку спевакоў складаюць невідушчыя дзеці, і народнага вакальнага ансамбля ветэранаў вайны і працы “Памяць сэрца”. Прафесійны ўзровень паказалі камерны хор “Дабравест” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, аркестр Ваеннай акадэміі.

Удзельнікаў блаславіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Прагучалі прывітанні ад кіраўнікоў дыпламатычных місій Арменіі, Малдовы, Расіі. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і мітрапаліт Павел падпісалі абноўленае Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам інфармацыі. Патрыяршы Экзарх, міністры інфармацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны ўручылі ўзнагароды асобам, якія ўнеслі значны ўклад у адпаведныя напрамкі царкоўна-сацыяльнага супрацоўніцтва. Таксама ўручаны царкоўныя ўзнагароды лаўрэатам конкурсу “Бібліятэка – асяродак духоўнай асветы і выхавання”, у ліку якіх – і нашы землякі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Фота Ганны Занкавіч (“Звязда”) і Наталлі Бойка

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси