Набыткі і планы брэсцкіх пісьменнікаў


Аб тым, якім быў мінулы год для Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, распавяла яго старшыня Таццяна Дземідовіч

09.01.2020                                                          Новости


Новы год – гэта не толькі свята, але і вынік зробленай працы. 

Аб тым, якім быў мінулы год для Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, “Брестскому вестнику” распавядае яго старшыня Таццяна Дземідовіч.

2019 год для брэсцкіх пісьменнікаў быў напоўнены  яркімі падзеямі. Дзясяткі сустрэч у школах, ВНУ, бібліятэках, дамах культуры, пагранічных часцях, кнігарнях, музеях, на адкрытых вулічных пляцоўках… А яшчэ былі перамогі ў рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсах, удзелы ў канферэнцыях, літаратурных форумах. І за ўсім гэтым стаіць руплівая самаадданая творчая праца нашых літаратараў. Запамінальнымі сталі краязнаўчыя экскурсіі ў Пяты форд і на Камянеччыну, паездкі на міжнародны кніжны кірмаш ў Мінск, Дзень беларускага пісьменства ў Слонім, літаратурны форум ва Уладаве, дзе было падпісана трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве літаратурных суполак Брэста, Любліна і Луцка…

 

Кнігавыданне і Школа маладога літаратара

Дарэчы, у мінулым годзе намаганнямі сябраў нашага аддзялення выдадзена больш за трыццаць кніг! Штогод бібліятэчка Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі папаўняецца дзясяткамі новых цікавых выданняў, і кожнае з іх – вынік глыбокай працы над словам, імкненне захаваць гістарычную памяць, яркім хвалюючым словам дакрануцца да сэрцаў удзячных чытачоў… Безумоўна, большая частка кніг, прымеркавана да Года Малой радзімы. Родныя мясціна натхняюць пісьменнікаў, дораць непаўторныя вобразы, вяртаюць ў хвіліны шчаслівага дзяцінства, да ганка бацькоўскай хаты, дзе так смачна і салодка пахне духмяны матчын хлеб… На сустрэчах з юнымі чытачамі пісьменнікі шчыра дзеляцца пачуццямі, пранікнённа чытаюць свае творы. І дзеці смела адгукаюцца на гэтую душэўную шчырасць… Пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі працуе Школа маладога літаратара. Сёння многія школьнікі спрабуюць пісаць… Цудоўна, што большасць з іх у творчых пошуках адштурхоўваюцца ад сваіх першых хвалюючых перажыванняў… І гэтыя пачуцці прывязаны да малой Радзімы…

 

Пісьменніцкі след у тысячагоддзі

Брэст адзначаў сваё 1000-годзе. Бадай, усе мерапрыемствы, у тым ліку літаратурныя, так ці іначай прысвечаны гэтай цудоўнай падзеі. Брэсцкі святочны настрой мы імкнуліся ствараць і падчас нашых выяздных мерапрыемстваў. Тым больш, была магчымасць прэзентаваць шэраг мастацкіх выданняў, прысвечаных гэтай важнай падзеі. Незабыўным прызнаннем у любові слынаму Брэсту стаў творчы праект брэсцкіх мастакоў і паэта Таццяны Шульгі “Акварельный Брест”. На старонках каляровага літаратурна-мастацкага выдання “Анёл над Брэстам” прадстаўлены вянок санетаў і паэтычныя прысвячэнні роднаму гораду Георгія Тамашэвіча, а кніга “Брэст. Храналагічны даведнік” пісьменніцы Зінаіды Дудзюк расказвае пра галоўныя гістарычныя падзеі, выкладзеныя ў храналагічным парадку, якія ад старажытнасці да цяперашняга часу ўплывалі на існаванне старажытнага горада і жыццё ягоных жыхароў. Разам з героямі “Трылогіі прыгод тысячагоддзя” Анатоля Брытуна чытач перанясецца ў той час, калі яцвягі і ліцвіны мужна змагаліся за незалежнасць, адстойвалі сваю зямлю і свой гонар. З нагоды 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэчка Брэсцкага абласнога аддзялення папоўнілася кнігай “Письма войны” Аляксандра Валковіча. У самыя апошнія дні зыходзячага года ў выдавецтве “Альтэрнатыва” пабачыў свет другі выпуск альманаха “Берасцейская скарбніца”, у якім першы раздзел прысвечаны нашаму славутаму і гераічнаму Брэсту.

 

Багаты на ідэі

Не абыходзіцца ў Брэсцкім абласным аддзяленні СПБ і без ажыццяўлення новых творчых ідэй. Упершыню ў 2019 годзе ўласнымі намаганнямі мы правялі першы рэспубліканскі гумарыстычны конкурс “Папяровы бусел”, абласны літаратурны конкурс беларускай паэзіі сярод моладзі, прысвечаны юбілею Я.Янішчыц. Удалося ажыццявіць і міжнародны выдавецкі праект “Брэст-Барнаул”. Але многія мерапрыемствы сталі традыцыйнымі. У межах літаратурнага праекта “Фарбы Берасцейшчыны” творцы з глыбінкі сустракаюцца з чытачамі. Вось ужо другі сезон запальвае новыя зоркі абласны конкурс юных чытальнікаў “Зорны спеў”, падчас якога дзеці дэкламуюць вершы пісьменнікаў Брэстчыны. Менавіта ў год святкавання 1000-годдзя Брэста дзеці з задавальненнем выбіралі для дэкламацыі вершы, прысвечаныя роднаму гораду. Другі год запар праводзіцца беларуска-ўкраінская гумарына “Смех заваёўвае Сусвет”, святы “Мой свет – кніга”, “Літаратурная альтанка”, працуе літаратурны салон “Жывапіс. Музыка. Літаратура”… Як заўсёды, бліскуча быў адзначаны Міжнародны дзень паэзіі з гучаннем вершаў на розных мовах, прыхільнікаў мастацкага слова сабраў Міжнародны фестываль рускай паэзіі ў Беларусі “Созвучье слов живых”. І ўжо дзявяты раз запар ў 2019 годзе за выбітныя мастацкія творы была ўручана Брэсцкая абласная літаратурная прэмія імя У. Калесніка

 

Планы на будучы год

Безумоўна, творчым людзям цяжка штосьці спланаваць. Многія задумкі трымаем у сакрэце. Але дакладна з першага студзеня стартуе літаратурны конкурс для творчай моладзі “Адкрыццё”. Па выніках літаратурных спаборніцтв лепшыя творы юных аўтараў трапяць на старонкі калектыўнага зборніка. Зусім хутка будуць абвешчаны ўмовы ўдзелу ў абласным літаратурным конкурсе “Духоўная веліч”. Мы па-ранейшаму чакаем брастаўчан на нашых святах, творчых сустрэчах.

 

Віншаванне

У Новым годзе жадаем нашым чытачам моцнага здароўя, здзяйснення ўсіх мараў. Спадзяемся, што кнігі брэсцкіх аўтараў для многіх стануць крыніцай вялікіх адкрыццяў, запаляць ў сэрцах самыя добрыя паччуцці, паклічуць ў свет цудоўных прыгод і здзяйсненняў.

Наталля ШЛЯЖКА, "Брестский вестник"

Фота Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ