Паэтычнае слова малой Радзімы


Літаратурная гасцёўня, прысвечаная творчасці Мікалая Іваноўскага прайшла ў бібліятэцы гімназіі № 2 г. Ваўкавыска

10.01.2020                                                          Новости


4 студзеня юныя аматары беларускай паэзіі сустрэліся ў бібліятэцы гімназіі № 2 горада Ваўкавыска, каб правесці літаратурную гасцёўню, прысвечаную творчасці знакамітага паэта Мікалая Пятровіча Іваноўскага. 

Ваўкавыская зямля, як і наша цудоўная краіна, вельмі багатая на таленавітых людзей, менавіта паэтаў, і сёння ваўкавыскія гімназісты ў гэтым пераканаліся. Мікалай Пятровіч – паэт, усю творчасць якога праймае любоў і цеплыня, захапленне і задушэўнасць сваёй любімай малой радзімай.

Мікалай Пятровіч Іваноўскі нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Пачуйкі Ваўкавыскага раёна. 35 гадоў працы аддаў гродзенскаму “Азоту”. Пасля выхаду на пенсію пераехаў у сваю родную вёсачку Пачуйкі. У сталічным выдавецтве “Ковчег” творца выдаў чатыры зборнікі вершаў. Першы зборнік яго выйшаў у 2015 годзе, і называецца ён “Нашчадкі роду Іваноўскіх”. Калі ў Мікалая Пятровіча спыталі, чаму так назваў сваю першую кнігу, ён адказаў, што хацеў, каб чытачы не толькі прачыталі вершы пра яго знакаміты род, але і даведаліся пра яго брата, мастака Дзмітрыя, пазнаёміліся з яго чароўнымі карцінамі. У кнізе прадстаўлены 209 рэпрадукцый палотнаў мастака (з 3000 ягоных  карцін). Мікалай Пятровіч лічыць, што вершы і мастацтва, як і лекі, лечаць сэрца. Другі зборнік “Пяром і сэрцам” убачыў свет у 2017 годзе. У 2018 годзе выйшлі кнігі “Загадкі на ўсе выпадкі” і “Сцяжынка дзяцінства”. Мікалай Пятровіч лічыць, што менавіта ягоная малая Радзіма, вёска Пачуйкі – гэта пачатак сцежкі яго жыцця. Акрамя вершаў Мікалай Пятровіч склаў 9 песень. На словы яго верша “Родны “Азот” можна ў Інтэрнэце паглядзець цікавы музычны кліп. Паэзію Мікалая Пятровіча Іваноўскага добра ведаюць і любяць на Ваўкавышчыне, таму што яго вершы часта друкуюцца ў раённай газеце “Наш час”. Акрамя гэтага, Мікалай Пятровіч друкуе свае творы ў альманаху “Літаратурны экватар” і газетах “Наша слова”, “Народная воля”, “Літаратура і мастацтва”. 

У размове з паэтам навучэнцы даведаліся пра жыццёвы і творчы шлях нашага зямляка. Дзеці з задавальненнем слухалі вершы Мікалая Пятровіча пра Каляды, Вялікую Айчынную вайну, вёску і дзяцінства: “Пакажыце дзеткам вёску”, “Адведай родныя мясціны”, “Гудзевіцкія калядкі”, “Успаміны дзяцінства”, “Сцяжынка дзяцінства” і інш. Наведвальнікі бібліятэкі не толькі слухалі творы Мікалая Пятровіча, але і адгадвалі загадкі. 

Запісваць свае цудоўныя творы Мікалай Пятровіч пачаў толькі тады, як пайшоў на заслужаны адпачынак. Гэта менавіта так, але пробы пяра былі зроблены даўно, яшчэ ў юнацтве. Мікалай Пятровіч многа сваіх вершаў прысвяціў тэме Вялікай Айчыннай вайны і свайму роднаму краю. 

Мэта мерапрыемства – пазнаёміць з творчасцю паэта-земляка Мікалая Пятровіча Іваноўскага – была выкананая. Ва ўсіх удзельнікаў сустрэчы засталіся вельмі цёплыя ўражанні. 

Т. Л. КАВАЛЬЧУК, загадчыца бібліятэкі ДУА “Гімназія №2 г. Ваўкавыска”