ПАЛАЖЭННЕ аб адкрытым літаратурным конкурсе “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”
1. Агульнае палажэнне
У двары Жыткавіцкай СШ №1 імя Р.Тураўца стаіць помнік адважнаму юнаку, ураджэнцу Жыткаўшчыны Міхаілу Марозу. Ён нарадзіўся 28 лістапада 1959 года. У верасні 1977-га навучэнец Аршанскага індыстурыяльна-педагагічнага вучылішча, працуючы на бульбяным полі калгаса “Прагрэс” Дубровенскага раёна, заўважыў, што па транспарцёры разам з бульбай рухаецца артылерыйскі снарад. Не вагаючыся, ён схапіў яго і панёс праз поле да лагчынкі, аднак не паспеў дайсці да яе ўсяго некалькі метраў – смяротная знаходка ўзарвалася ў руках. Юнаку не было яшчэ і 18 гадоў, калі ён трагічна загінуў.
За мужнасць Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна ўзнагародзіў смелага камсамольца ордэнам Чырвонай Зоркі. Імя Міхаіла Мароза было занесена ў Кнігі Гонару цэнтральных камітэтаў УЛКСМ і ЛКСМ Беларусі, а ў яго камсамольскім білеце застаўся запіс: “Вынес з поля баявы снарад, адвёў ад людзей бяду цаной уласнага жыцця”.
У гонар сапраўднага героя Палескай зямлі Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” аб’яўляе адкрыты літаратурны конкурс “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”, у якім запрашае прыняць удзел усіх, хто жадае мастацкім словам выказаць свае стаўленне да незабыўнага подзвігу Міхаіла Мароза, да тэмы Айчыны, Бацькаўшчыны, родных каранёў. У конкурсе могуць прымаць удзел як грамадзяне Беларусі, так і ўсіх краін свету, якія пішуць на беларускай і рускай мовах.
2. Арганізатар конкурсу
Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта.
3. Мэты конкурсу
- папулярызацыя культурна-гістарычных і духоўных каштоўнасцей; прыцягненне ўвагі да тэмы патрыятызму; ушанаванне знакамітых людзей; выяўленне літаратурна-творчых талентаў навучэнцкай моладзі і падтрымкі маладых літаратараў.
4. Намінацыі
Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях:
- Паэзія (паэтычныя творы, прысвечаныя подзвігу М.Мароза).
- Проза (апавяданне, прысвечанае подзвігу М.Мароза.)
- Публіцыстыка (нарысы, эсэ, прысвечаныя подзвігу М.Мароза.)
5.Умовы, тэрміны і парадак правядзення:
Літаратурныя і публіцыстычныя творы прымаюцца на конкурс з 1 лютага 2020 года па 15 сакавіка 2020 года.
У склад журы ўваходзяць вядомыя пісьменнікі, краязнаўцы, публіцысты.
Па выніках галасавання журы вызначаюцца пераможцы конкурса: 1-е, 2-е, 3-е месца ў кожнай намінацыі. Журы можа прысуджаць удзельнікам конкурсу заахвочвальныя ўзнагароды і прызы.
6. Патрабаванні да прадстаўляемых на конкурс работ:
На конкурс прымаюцца нідзе раней не надрукаваныя творы.
Паэзія: не болей трох вершаў.
Проза і публіцыстыка: адзін твор аб’ёмам не больш 5 друкаваных аркушаў фармата А4 (шрыфт Times New Roman, 14 шрыфт).
Творчыя работы неабходна накіроўваць на на электронны адрас: konkursgomelspb2018@yandex.by
Работы, дасланыя пасля ўказанага тэрміну, не разглядаюцца.
Дасланыя матэрыялы не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.
На тытульным лісце неабходна ўказаць:
- прозвішча, імя, імя па бацьку;
- дату нараджэння;
- месца працы або вучобы;
- адрас для перапіскі;
- нумар кантактнага тэлефону;
- е-mail.
7. Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне.
Пераможцы ўзнагароджваюцца дыпломамі.
Лепшыя творы будуць размешчаны на сайце Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” pismennik.by, па магчымасці будуць надрукаваны ў СМІ рэгіёна.
Вынікі конкурсу падводзяцца да 10 мая 2020 года.
Узнагароджанне пераможцаў адкрытага літаратурнага конкурсу адбудзецца на ўрачыстым адкрыцці ІІ адкрытага міжрэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры і мастацтва, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” ў г. Жыткавічы Гомельскай вобласці.
Прэсс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”