Неспадзяванкі ў чамадане


“Чамадан з кракадзілавай скуры” Алёны Беланожка:  нялёгкая гульня па матывах лёгкай літаратуры

30.01.2020                                  Литературная критика


Пісаць агляды ці рэцэнзіі на так званае лёгкае чытво – нечакана нялёгкая справа. Бо з аднаго боку – крытыкі-літаратуразнаўцы здзекліва чмыхнуць: “Чаго ж можна чакаць ад прыгодницкай літаратуры?”. А з другога залямантуюць удзячныя чытачы: “Бач ты, прычапіліся яны да сюжэту і логікі герояў! Тут мэта – падараваць нам некалькі хвілін адпачынку!”.

Па вялікім рахунку,  усе рэцэпты “іранічных дэтэктываў” падобныя адзін да аднаго, быццам рэцэпты простага сняданку: трошкі сюжэтнай дынамікі, трошкі прыгод, запраўленых іранічнымі дыялогамі, драбок таямніц. И вось чытач забывае сюжэтныя перыпетыі праз дзесяць хвілін пасля таго, як адклаў кніжку. А ў рэцэнзіях на “лёгкія бестселеры” заўжды пабачым тое самае: “…дынамічны сюжет… прысмак таямніцы… нескладаная мова…”.

Але ж аповесць “Чамадан з кракадзілавай скуры” Алёны Беланожка адважна пярэчыць паблажліваму крытыку: “Так яно так, але – і не зусім!” Бо калі спрабуеш аднесці гэтую аповесць выключальна да забаўляльнай літаратуры – з аповесці (быццам з таго чамадана!) пачынае вылазіць за пытаннем пытанне, за таямніцай таямніца – варта толькі прыгледзецца больш пільна.

Возьмем хоць галоўную гераіню Аліну – хіба ж не тыповы вобраз сучаснай “моцнай жанчыны”, папулярны ў жаночых раманах апошніх гадоў? Мяркуйце самі: яна – дырэктар прадзюсерскага цэнтру (у дваццаць пять гадкоў), з нуля раскруціла свой стартап за год, прычым грошы знайшла, шчыра пераконваючы багатых дзядзечак у тым, што “ўсё аддасць”. Гераіня заўсёды ўсміхаецца трэніраванай усмешкай, вырашае за ўсіх і ўсё, не разгубіцца ні ў якіх абставінах. А  да таго ж – у яе яшчэ ёсць велізарны “буцэфал” на чатырох колах. Не кажам ужо пра тое, як гераіня ўмела адчыняе замкі шпількай…

Тут варта б было яшчэ дадаць надзвычайную прыгажосць – і выйшла б з’ява, якую ў літаратуры абазначаюць імем “Мэры-Сью” (чытачы фанфікаў зразумеюць: гэта калі гераіня прыгажэйшаяі лепшая за ўсіх вакол, у яе закаханыя і героі, і злачынцы). Так? Ды не так! Бо пісьменніца надзяляе сваю гераіню зусім нечаканымі якасцямі. Некаторыя з іх – напрыклад, адсутнасць музыкальнага слыху (ага, у той, хто працуе з музыкамі) ці навязлівае жаданне ўзяць шлюб у дваццаць пяць год (“бо ўсе сяброўкі ўжо з сем’ямі” – і гэта ў наш век эмансіпацыі). Усё гэта робіць і без таго не вельмі рэалістычны вобраз трохі гратэксным. Іншыя ж рысы – такія, як звычка кідацца ў калег шклянкамі ды мілыя жартачкі наконт “прывесці ў офіс службовых сабакаў, каб матывіраваць калег не ўставаць з працоўных месцаў”, – можна лічыць тэстам, выпрабаваннем ужо чытача на маральныя якасці.

Увогуле, на гераіню амаль непазбежна абураешся: і калі яна падразае на шашы іншых кіроўцаў, і калі вырашае за Дзіму ягоны лёс (едзем жаніцца – а цябе не пытаюцца), і калі спрабуе падкупіць ягоных бацькоў падарункамі, і калі абяцае купіць (зноў купіць) жаніху дыплом і нават не перашкаджаць сустрэчам з палюбоўніцамі… Абураешся на яе за бесцырымоннасць, амаль нахабнасць, выразнае адчуванне сябе “пупом зямлі”, легкадумнасць і поўную адсутнасць страху.

Абураешся. А потым даруеш – за неўтаўмавальную энергічнасць і весялосць, за непрабівальнае абаянне і знаходлівасць. І калі ты ўжо гатовы ўсклікнуць, што вось ён, найгоршы тыпаж новых “гаспадароў жыцця” – ты ўзгадваеш, што гераіня гатовая прыйсці на дапамогу нават старой цыганцы на дарозе. Або Аліна нечакана прагаворваецца пра сваё дзяцінства ці пра юнацтва. Або мы бачым гераіню зусім іншай ва ўспамінах сябра: “Моўчкі пераступала парог. Павольна апускалася на пуфік у вітальні, марудна здымала абутак, расцірала ступакі — яны ўвесь час гарэлі ад пастаяннай мітусні. …. Выключалася, нібы нехта нябачны павярнуў тумблер, які адказвае за энергічнасць”. І разумеем – чым плоціць яна за намер “ператварыць жыццё ў феерверк”. І тут ужо выспявае пытанне: ці не занадта складаная гераіня для гэткай, як падаецца, “лёгкай, забаўляльнай” аповесці?

Задумаліся? І ёсць праз што:  вось такое “другое донца” сустрэнем ледзь не ў кожным значным персанажы аповесці, ад палахлівай спявачкі Таццяны да крымінальнага Джэрома!

Сюжэт аповесці просты, лінейны, але тым больш займальны, дынамічны: чытач папросту не паспее засумаваць: тут і пагоні, і выкраданні, і пераапрананні, і клафелін у бутэльцы, і… пры гэтым мноства флэшбэкаў, якія павінны раскрываць адносіны персанажаў. Аповед збочвае з наезжанага шляху, рушыць праз успаміны герояў і прыпыняецца раз-пораз, каб паказаць каларытныя будні прадюсэрскай студыі.

Да таго ж, як толькі аповед вяртаецца да асноўнага авантурнага сюжэту – з кустоў на хадулях выбягае гэтакая колькасць раяляў, што нават не самы ўважлівы або абазнаны чытач, які хацеў толькі расслабіцца, заўважыць і зазначыць: “Ого!”.

Здаецца, што аўтар сур’ёзна (і наўмысна) выпрабоўвае чытача: “Хацелі лёгкага чытва? Ну дык – наце!” І сюжэт выкідвае каленцы. Скажам,  калі героі вырашаюць падзарабіць грошай песнямі – у рэстаране Алінінага знаёмага будзе не менш як юбілей мэра, а музычны гурт з Мінску вельмі зручна будзе затрыманы. Калі ў нумар гатэлю ўламываюцца бандыты – дык у гатэль засяляецца ажно цэлая канферэнцыя міліцыянераў. Калі некага пасылаюць па пяць мільёнаў еўра – дык абавязкова спявачку не самага яснага розуму, без аніякага нагляду. І вядома ж, у прадзюсерскім цэнтры – зручна, зручна – якраз тады будзе агромістая колькасць фальшывых грошай, калі гэта так патрэбна.

“Літасці! О, літасці, deus ex machina!” – моліць чытач у нейкі момант. А ў адказ чуецца насмешлівы голас аўтара: “Не, даражэнькія… а ведаеце, колькі чалавек будзе ахоўваць бункер з сакрэтнай інфармацыяй?! Два! Без падрыхтоўкі. І яны будуць спаць. А бачылі вы, каб галоўны злачынца хадзіў не з целаахоўнікамі, а з хорам цыган?! А вось вам яшчэ героі, якія вырашылі наладзіць інтымныя стасункі непасрэдна ў тым самым бункеры, дзе ў любы момант могуць з’явіцца тыя, хто выношвае злавесныя планы па захопу свету!”

 І ў выніку чытач загартоўваецца. І пачынае – нарэшце! – адчуваць непераможную сатыру, што схавалася за вясёлымі прыгодамі рэжысёраў, прадзюсераў і праграмістаў, якія вырашылі нападпітку зрабіць вылазку на шпіёнскую базу.

А між тым, здагадацца аб гэтай несур’ёзнасці аўтара, аб тым, як ён гуляе разам са сваім чытачом у гратэскна-фантастычны свет з неўміручымі героямі, даволі лёгка. Падказка – сама мова аповесці, у якой з першых жа радкоў стае і іроніі, і сатыры.

 Так у чарговы раз аўтар выходзіць за мяжу, якую акрэслівае “лёгкае чытво”, робіць кожны крок герояў куды больш маляўнічым і выразным, чым гэтага патрабуе сучасная легкаважная проза. Сустрэнем тут і трапныя параўнанні, і разгорнутыя характарыстыкі, і ёмкія, гумарыстычныя дыялогі… Чаго вартая толькі пародыя на сённяшні шансон – песенька пра трагічную пагібель сабачкі Жулі: «Не, не бандытская куля… збіла сабачку з ног… не ўпільнаваў маю Жулю… засланы фраерок…» з рэфрэнам, пасля якога так цяжка ўспрымаць сур’езна хоць штосьці ў аповесці: «Ах, Жуля, дзе ты, залатая, ад болю я ў зямлю ўрастаю…»

Гэтага настрою – святочнага, гумарыстычнага настрою “шапіто” (слова-маркер, слова, якое праходзіць скрозь усю аповесць) не перабіваюць нават філасофскія разважанні герояў. І скрозь філасофію вельмі часта праглядвае тая ж іронія: “Побач з Чалавекам Прыгожым заўсёды мусяць існаваць наступныя падвіды: першы — Чалавек Таленавіты. Ён патрэбны для таго, каб узносіць прыгажосць. Другі — Чалавек Прадпрымальны, каб удала прадаваць прыгажосць першага і талент другога. Трэці — Чалавек Выканаўчы, каб не задаваў лішніх пытанняў і моўчкі выконваў даручэнні першых трох. І, нарэшце, — Чалавек Моцны. Фізічна моцны, каб гэту ўсю кампашку абараняў, а то з такім раскладам у іх заўсёды будзе процьма ворагаў”.

І нарэшце, што, па логіцы, павінна адбывацца ў фінале кожнай добрай аповесці для лёгкага і забаўляльнага чытання? Ясна, адкажа чытач. Павінна быць, па спісе:

- фінальны гарачы пацалунак (1 шт.),

- пакаранне для злачынцы (1 шт.),

- інтрыга цалкам раскрытая (1 шт.).

Адным словам, усе павінны атрымаць тое, што заслужылі. Праўда? Так жа?

А вось і не.

І аўтар “Чамадана…” раптам як бы выскоквае…  з таго самага чамадана з крыкам: “А вось вам!” І прапаноўвае яшчэ адну таямніцу. Тую, што мусіць разгадвацца ўжо ў працягу аповесці – новым творы Алёны Беланожка “Зорка Ракхігархі”, які, дарэчы, цягам 2018 года можна было чытаць на старонках “Маладосці”

Якую ж выснову можна з гэтага ўсяго зрабіць? Якую выснову зробіць чытач – і крытык?

Перад намі – вельмі (не)тыпічны ўзор таго, што называюць масавай літаратурай. Твор, які нібыта ўвасабляе ўсе стэрэатыпы сучаснай масавай забаўляльнай прозы  –  і адначасова куды больш складаны, чым можна было б ад яго чакаць.

Гэты тэкст –  гульня з чытачом. Гульня ў лёгкае чытво.  Твор-квэст, твор-тэст.  

“А ты ўбачыш? А ты – за гармідарам шапіто – пачуеш?”

Гэта – аповесць, дзе не вырашаныя ўсе на свеце таямніцы, дзе таямніц у фінале большае, дзе ёсць яшчэ і другая частка, а таму…

Чытачы, даражэнькія! Вы гатовы?

Гульня працягваецца. 

Алена КІСЕЛЬ, кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі