“Размаляваны свет” Наталлі Кухліч


На чарговы занятак літаратурнага гуртка “Жарынка” на базе рэдакцыі раённай газеты “Навіны Камянеччыны” завітала казачніца Наталля Кухліч

05.02.2020                                                         Новости


У першы дзень лютага на чарговы занятак літаратурнага гуртка “Жарынка”, што дзейнічае ад Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на базе рэдакцыі раённай газеты “Навіны Камянеччыны”, завітала казачніца. Самая сапраўдная! І запрасіла юных творцаў у чароўны, незвычайны, захапляльны свет сваёй першай кнігі.

Іголачка і крамяны яблык, матылёк і сонца, ружа і гумовыя боцікі – усё гэта героі светлых казачных гісторый Наталлі Кухліч, што прывіваюць маленькім чытачам, як дрэўцам, самыя лепшыя, самыя неабходныя ў жыцці агульначалавечыя каштоўнасці. Аўтарка доўга не рашалася выдаць свае творы асобнай кніжкай, але потым паверыла захопленым водгукам чытачоў (сярод іх быў і мой, сапраўды шчыры!) і вырашыла: ЗБОРНІКУ КАЗАК БЫЦЬ!

Мне Наталля даверыла быць рэдактарам будучай кнігі, добра сустрэла некаторыя (самыя нязначныя!) крытычныя заўвагі, а потым папрасіла напісаць уступнае слова, якое далося мне вельмі лёгка – на адным дыханні. Ды і як інакш, калі казкі сапраўды захапляюць?

Кніга выйшла з цудоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Паліны Гадуйкі. І падчас занятка гуртка мае юныя творцы (магчыма, будучыя паэты і празаікі) з цікавасцю гарталі старонкі. Наталля Кухліч расказала пра свой творчы шлях, пра “Размаляваны свет”, пра тое, дзе чэрпае натхненне, дала некалькі карысных парад са сваёй пісьменніцкай “скарбонкі”. Гэта быў каштоўны досвед для слухачоў, і яны ахвотна задавалі дадатковыя пытанні. А потым дзяўчаткі, Наталля Кухліч і аўтар гэтых радкоў прачыталі ўслых адну з самых павучальных казак аўтаркі – пра зялёнага жырафіка, якая імкнецца данесці слушную думку аб тым, што быць не такім, як іншыя, зусім не дрэнна. Цікава было чуць аўтарскае чытанне гэтай гісторыі з асаблівымі інтанацыямі…

Напрыканцы сустрэчы Наталля Кухліч пацікавілася і творчасцю юных наведвальнікаў гуртка. Уважліва слухала зачытаныя імі празаічныя ўрыўкі, пасля чаго параіла, над чым яшчэ варта папрацаваць. Думаецца, сустрэча з казкай і казачніцай атрымалася цікавай і карыснай для будучых творцаў. А сама пісьменніца атрымала бясцэнны досвед узаемаадносін са сваім чытачом – гэта абавязкова спатрэбіцца!

Настасся НАРЭЙКА, кіраўнік літаратурнага гуртка “Жарынка”