“Мой лепшы сябар – кніга” – сустрэча з дзіцячым паэтам і прэзентацыя новай кнігі “Вавёркі лушчаць зоркі” Уладзіміра Мазго


5 лютага ў бібліятэцы № 22 адбылося мерапрыемства з вядомым беларускім паэтам Уладзімірам Мазго

06.02.2020                                                         Новости


5 лютага ў бібліятэцы № 22 у межах 27 Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша адбылося мерапрыемства з вядомым беларускім паэтам Уладзімірам Мазго. Прыйшлі малодшыя школьнікі СШ № 25.

Прадставіла Уладзіміра Мінавіча і распавяла пра яго супрацоўнік бібліятэкі Граблюк Раіса Генадзеўна.

Уладзімір Мазго аўтар сямнаццаці кніг вершаў для дарослых і дзяцей, Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры (2005), Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі (2005), Выдатнік друку Беларусі (2007), Лаўрэат літаратурнай прэміі “Залаты купідон” (2008),  Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна (2008),  Узнагароджаны медалём

Францыска Скарыны (2016). Друкавацца пачаў у 1972 г. Ён з’яўляецца аўтарам паэтычных кніг “Пад спеў крыніц” (1982), “Вершаліна” (1987), “Марафон” (1992), “Анёл нябесны” (2007). Выдаў кнігі вершаў для дзяцей “Калі спрачаюцца маланкі” (1989), “Суседзі па сусвеце” (1994), “Смехапад” (1999), “Прыгоды марахода” (2002), “Цуда-вуда” (2008), “Таямнічая планета” (2008) і інш.

Аўтар слоў многіх папулярных песень, што ўвайшлі ў рэпертуар зорак беларускай эстрады: Іны Афанасьевай, Анатоля Ярмоленкі, Алесі, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Валерыя Дайнекі, Якава Навуменкі, Ірыны Дарафеевай, Андрэя Хлястова і інш.,  ансамбляў “Сябры”, “Бяседа”. Песні гучалі на міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску, на Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечна, міжнародных фестывалях у Вільнюсе і Беластоку.

Уладзімір Мінавіч распавядаў пра сябе, пра свае кнігі, чытаў вершы, гуляў з вучнямі ў словы. Дзеці, у сваю чаргу, з цікавасцю слухалі аўтара, а пасля адгадвалі загадкі і спаборнічалі ў тым, хто лепш і хутчэй вымавіць хуткамоўкі, прапанаваныя пісьменнікам. 

КАРЖАНЕЎСКАЯ А.М., загадчык бібліятэкі      

Фота аўтара