З Сiбiры ў Сiнявокую


Прэзентацыя двухтомнiка «Белорусы в Сибири» прайшла ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы iмя Я.Ф. Карскага

11.02.2020                                                         Новости


7 лютага ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы iмя Я.Ф. Карскага прайшло мерапрыемства ў рамках ХХVII Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выставы-кiрмашу – прэзентацыя двухтомнiка «Белорусы в Сибири».  

У сустрэчы з гродзенскімі аматарамі літаратуры ўзялі ўдзел: выдавец, дырэктар Цюменскага дабрачыннага фонда «Адраджэнне Табольска» Аркадзій Ялфімаў (Табольск), галоўны рэдактар выдання, паэт Юрый Пермiнаў (Омск), а таксама афiцыйны перакладчык праекта, паэтэса Іна Фралова (Мiнск) i празаiк Сяргей Трахiмёнак (Мiнск). Госці распавялі пра тое, як нарадзілася ідэя стварэння двухтомніка пра беларусаў у Сібіры, што з'яўляецца часткай альманаха «Тобольск и вся Сибирь». З вуснаў гасцей удзельнікі літаратурнай сустрэчы паслухалі некаторыя сюжэты пра жыццё нашых суайчыннікаў за Уральскім хрыбтом. Крыніцай натхнення для творчасці сібіракоў служаць старонкі нашай агульнай гісторыі, якая бярэ пачатак са Сталыпінскай аграрнай рэформы. Сталінскія рэпрэсіі, а потым засваенне новых паўночных тэрыторый зрабілі Сібір другой радзімай для многіх беларусаў. Сярод iх i рэпрэсаваныя лiтаратары, дзеячы культуры. Галоўным песняром Сібірскага краю стваральнікі кнігі «Белорусы в Сибири» лічаць пісьменніка Валянціна Распуціна, а сябе – прадаўжальнікамі яго справы. Асветніцкі кнігавыдавецкі праект рэалізуецца дзякуючы фінансавай падтрымцы папячыцеляў-мецэнатаў. Прачытаць альманах «Тобольск и вся Сибирь», а таксама адну з яго частак – выданне ў двух тамах «Белорусы в Сибири» можна ў Інтэрнэце, на сайце Цюменскага рэгіянальнага грамадскага дабрачыннага фонда «Адраджэнне Табольска». Галоўная мэта праекта – дэталёва апісаць і падкрэсліць тое, чым могуць разам ганарыцца народы Расii i Беларусi. 

Сібір – край шматнацыянальны. Аднак, менавіта беларусы, па сцвярджэнні аўтараў двухтомніка, зарэкамендавалі сябе самымі інтэлігентнымі жыхарамi гэтых зямель. Нягледзячы на аддаленасць ад Радзімы, сiбiрскiм беларусам удаецца не губляць духоўную сувязь з ёю, захоўваць вернасць сваім нацыянальным традыцыям і берагчы самае дарагое, што ёсць у кожнага народа – родную мову. 

Омскі паэт Юрый Пермінаў i госця з Мiнску, член СПБ, паэтэса Iна Фралова прачыталi свае вершы. Пра розныя этапы сваёй творчасці, пра тое, што звязвае яго з Сібір'ю, распавёў празаік, член СПБ, доктар юрыдычных навук, прафесар Сяргей Трахiмёнак. Сяргей Аляксандравiч у Гродне не першы раз. Але яго сёлетнi візіт у горад над Нёманам асобы, – ён супаў з сямідзесяцігоддзем пісьменніка. Iна Фралова i Сяргей Трахiмёнак правялі прэзентацыі іншых уласных выданняў і на памяць аб сустрэчы падарылі іх гродзенцам ды галоўнай бібліятэцы Прынёмання. 

На сустрэчу з творчым калектывам двухтомнiка «Белорусы в Сибири» сабраліся не проста прадстаўнікі культурнай грамадскасці нашага горада, літаратары, работнікі культуры, чытачы абласной бібліятэкі. Прагучалі прамовы людзей невыпадковых і неабыякавых, выступленні гродзенцаў, лёсы якіх цесна звязаны з Сібірскім краем. Хтосьці мае там сваякоў. Камусьці давялося там працаваць або служыць у шэрагах Савецкай арміі. А хтосьці, працуючы на буравых, удзельнічае ў нафтаздабычы і ў нашы дні. Таму можна сказаць, што новая кніга з Сібіры ў пэўным сэнсе і пра гэтых людзей, пра многіх з нас. Падчас сустрэчы прагучалі поўныя цеплыні пажаданні ад гродзенцаў. Гасцям падарылі кнігі і часопісы, выдадзеныя ў Гродне. А камплекты двухтомніка ад аўтараў праекта атрымалі Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ 

Фота Анатоля Апанасевiча