Брэсцкія пісьменнікі выступілі з праграмай “Брэст літаратурны” на Мінскім міжнародным кніжным форуме


Брэсцкія пісьменнікі  выступілі з праграмай “Брэст літаратурны” на Мінскім міжнародным кніжным форуме

12.02.2020                                                         Новости


Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш падзея запамінальная і значная. А для пісьменнікаў, гэта не толькі магчымасць сустрэцца з чытачамі, выдаўцамі, калегамі па пяры, але і падвесці вынікі сваёй штогадовай творчай працы.

Святочную атмасферу кніжнай сталіцы ў дзень урачыстага адкрыцця XXVIІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу сябры Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ перанеслі ў Брэст. У кніжнай краме “Іскра” паэты і празаікі пазнаёмілі прысутных  з праграмай мерапрыемства,  кніжнымі навінкамі.

Штогод  брэсцкія пісьменнікі імкнуцца знаходзіць новыя формы працы з моладзю. Маленькія зорачкі,  пераможцы конкурсаў юных чытальнікаў “Зорны спеў”, “Жывая класіка”  сталі сапраўднымі сябрамі абласнога аддзялення. І ў гэты дзень выхаванцы тэатра-студыі “Раёк” Мацкевіч Крысціна і Качаноўская Настасся ў прысутнасці аўтара, Георгія Тамашэвіча, натхнённа прачыталі вершы “Жыццёвая плынь” і “Квітней, Беларусь”. Педагог Віялета Брыч выказала словы ўдзячнасці пісьменнікам, падкрэсліўшы, што такія сустрэчы дапамагаюць падлеткам далучацца  да важных падзей, вучаць шанаваць кнігу і  цаніць  творчыя набыткі нашай краіны.

Творцы абласной пісьменніцкай суполцы СПБ прывезлі ў сталіцу праграму “Брэст літаратурны”. Падчас выступлення была прадэманстравана відэа-прэзентацыя, падрыхтаваная Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібілятэкай імя А.С.Пушкіна “Мой – мір кніга”. Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч  пазнаёміла гледачоў з усімі выданнямі  паэтаў і празаікаў Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, якія пабачылі свет  ў 2019 годзе. З цікавасцю наведвальнікі пляцоўкі Саюза пісьменнікаў Беларусі праглядалі фотастаронкі  насычанага літаратурнага жыцця Брэстчыны.  Многія памятныя моманты  захаваліся на фотаздымках былога кіраўніка наймацнейшага сельскагаспадарчага  прадпрыемства “Астрамечава”Аляксея Скакуна. Вядомы аграрый сёння актыўна ўдзельнічае ў  шматлікіх творчых сустрэчах. Асабліва важка падчас такіх мерапрыемств, гучаць яго аповяды, парады, наказы, напоўненыя глыбокай любоўю да роднай зямлі, да працы хлебароба. У маленькіх гледачоў ды й у  тых, хто з сумнай  асалодай успамінае сваё  бесклапотнае дзяцінства, калі надзейнымі сябрамі былі не смартфоны і планшэты , а каляровыя  цікавыя кнігі, выклікала экспазіцыя чароўнага чамаданчыка казачніцы-лялечніцы Вольгі Сандрыкавай. Разам са сваёй казкай “Пасхальный свет”, яна  прадставіла кніжкі для самых  маленькіх чытачоў, аўтарамі якіх сталі  Вячаслаў Бельцюкоў  і Наталля Шляжка.

Да сур’ёзнай удумлівай  размовы слухачоў з аўтарам,  падштурхнула выступленне  пісьменніка, гісторыка, краязнаўца Анатоля Бензярука. Памяць пра загінуўшых падчас Вялікай Айчынай вайны, аповяд пра спаленыя беларускія вёскі боллю адгукнуліся ў сэрцах прысутных.

У мінулым годзе творчая скарбонка Зінаіды Дудзюк папоўнілася дзвюма новымі выданнямі “Закон захавання кахання” і “Брэст. Храналагічны даведнік”. Творчасць пісьменніцы – даволі  глыбокая, тэматычна і жанрава разнастайная. Напрыканцы свайго выступлення Зінаіда Дудюк  прачытала прысутным свае вершы, у  якіх адлюстраваны лепшыя пачуцці – каханне, любоў да Радзімы і родных мясцін.

Паэт Любоў Красеўская прадставіла гледачам сваю новую кнігу “Та самая сила”. Ганаровым госцем сёлетняй   выставы стала Расія.  Творчасць Любові Красеўскай прасякнута   вялікай  адзінай любоўю да сваіх дзвюх Радзім – Беларусі і Расіі. Таямнічая жаночая моц,  душэўная шчырасць сціраюць усе межы, паэзія аб’ядноўвае  светлыя думкі  людзей у жаданні  знайсці гармонію  высокага слова і сваёй  добрай  справы. У гэтым можна было ўпэніцца, углядаючыся ва ўдзячныя позіркі гледачоў.

На працягу пяцідзённай  насычанай праграмы выставу таксама наведалі пісьменнікі Таццяна Канапацкая з Лунінца, Анатоль Бярнацкі з Бярозы. Брэсцкія літаратары прывезлі  дадому незабыўныя прыемныя ўражанні, натхніліся на далейшую плённую творчую працу.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ