“Кнігі ёсць – чакаем аўтограф-сесію!”


Падзея мінулага тыдня ў Беларусі – XXVII Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш у Мінску

18.02.2020                                                         Новости


Падзея мінулага тыдня ў Беларусі – XXVII Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш у Мінску!

Наваколле “БелЭкспа” параўнала са святочнымі днямі ў Лунінцы, калі гараджане збіраюцца на дэманстрацыю. На кніжную выставу людзі таксама ішлі нібыта калонамі! Яшчэ больш наведвальнікаў было ў будынку. Уразілі і маладыя бацькі з немаўлятамі на руках, і мностава школьнікаў, для якіх, напрыклад, на пляцоўцы цэнтральнага экспанента – ЗША – праводзіліся адкрытыя ўрокі па розных тэмах. Майстар-клас на англійскай мове! А ганаровым госцем была Расійская Федэрацыя – палюбаваліся дыхтоўнымі фотаальбомамі, занатаваўшымі славутыя мясціны “Залатога кальца”. На мой погляд, сціпла было аформлена прадставленне Уладзіміра Караткевіча (1930-1984). Паспрабую адзначыць годна юбілей славутага пісьменніка, у тым ліку, адкрыўшы для дзяцей лунінецкія старонкі аўтара “Зямлі пад белымі крыламі”. Каля стэнду “Мастацкай літаратуры” набыла, у тым ліку, кнігу “Святло з Жыровіч” манаха Іаана (Андрэя Бембеля), які піша пад псеўданімам Зніч. А супрацоўнікі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” настолькі прыязна паставіліся да Лунінца, што нават падарылі тэматычныя каляндарыкі і закладкі для кніг. Тут набыла фотаальбом “Трасцянец”, дзе на помніку ў мемарыяльным комплексе ўвекавечаны і Лунінец.

Галоўнай мэтай наведвання была прэзентацыя новых кніг Сяргея Трахімёнка, які і запрасіў лунінчан на выстаўку. Павіншавалі з 70-годдзем вядомага не толькі ў Беларусі аўтара (у Саюзе пісьменнікаў Расіі яму выдадзена пасведчанне пад №2!). Уласная бібліятэка папоўнілася яго некалькімі выданнямі. “Аўтограф-сесію” Сяргей Аляксандравіч паабяцаў правесці ў Лунінцы – плануе наведаць СШ №2 г. Лунінца з нагоды юбілейных дат выпускніка-1968 Мікалая Калінковіча (1950-1990), ушанаваць памяць, як сам адзначыў, калегі па службе і творчасці…    

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

 

На здымках лунінчане і мінскія сябры: Вера Данілаўна Міцкевіч – унучка Якуба Коласа; настаўніца СШ №2 г. Лунінца Наталля Валер’еўна Харытановіч; Аляўціна Цімафееўна Міцкевіч (22 студзеня адзначыла 90-годдзе) – нявестка Якуба Коласа; Наталля Аляксандраўна Адамовіч – дачка Алеся Адамовіч; былы бухгалтар Дзяржаўнага мемарыяльна-літаратурнага музея Якуба Коласа; журналіст з Лунінца Таццяна Васільеўна Канапацкая;
настаўніца СШ №2 г. Лунінца Наталля Валер’еўна Харытановіч; пісьменнік Сяргей Аляксандравіч Трахімёнак; старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец Аляксандр Іванавіч Матор.