Памяць Дзмітрыя Карбышава ўшанавалі на Лунінеччыне


Памяць Дзмітрыя Карбышава ўшанавалі на Лунінеччыне

19.02.2020                                                          Новости


“Как разглядеть за днями след нечеткий?

Хочу приблизить к сердцу этот след…”

Дзякуючы неабыякавым педагогам, гісторыя Вялікай Айчыннай вайны кранае душы сучасных вучняў.

Здавалася б, сярод Герояў Савецкага Саюза многа і салдат, і генералаў. Чаму менавіта Дзмітрыю Карбышаву (14{26}.10.1880-18.02.1945) прысвячаем штогадовыя сустрэчы? Адказ просты: пажылога чалавека, якога ворагі чатыры гады вайны ўтрымлівалі ў палоне, спрабуючы схіліць да супрацоўніцтва, фашысты замучылі 18 лютага, у свята іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Напярэдадні ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма сабраліся дзеці і дарослыя, каб ушанаваць памяць непакоранага патрыёта.

Настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь выкрыў “падвоеную мараль” палітыкі нацыстаў, якія вонкава шанавалі хрысціянства, а на самай справе нават Царкву ў Германіі прымусілі абслугоўваць інтарэсы ІІІ рэйха. Метадыст-інструктар ГАС ДТСААФ Алена Пятрэнка акрэсліла паняцце патрыятызму ў праваслаўі, аснова якога – любоў да сваёй Радзімы: вялікі і малой. Настаўнік гісторыі Вулькаўскай 2 СШ Анатоль Вячорка падрыхтаваў прэзентацыю пра лёс Д.М. Карбышава. Калі раней ведалі хіба што імя генерала і яго подзвіг пакутніцтва, то цяпер вастрэй ўсвядомілі злачынства фашыстаў: яны загубілі патомнага афіцэра, фартыфікатара, які перасягнуў сваіх продкаў інжынерным талентам.

– Генерал Карбышаў нарадзіўся ў Омску, – падкрэсліў Анатоль Цімафеевіч, – а я служыў у гэтых мясцінах на савецка-кітайскай мяжы. Асаблівае стаўленне да яго, бязмежна захоплены сілай духу гэтага чалавека...

Меркаванне выкладчыка падтрымалі яго аднадумцы з раённых арганізацый Беларускіх саюзаў: і ветэранаў органаў пагранічнай службы, і афіцэраў. Настаўнік СШ №2 г. Лунінца Наталля Харытановіч адзначыла, што вучні яе 9 “В” класа ўражаны самім Анатолем Вячоркам:

– Факты пра вайну, якія выкладаў чалавек з вопытам вайсковай службы, у форме, з узнагародамі, дзеці ўспрымалі як выступленне ці не відавочцы падзей...

Дырэктар СШ №3 г. Лунінца Вольга Грыневіч ўпершыню з педагогамі і вучнямі ўдзельнічала ў духоўна-патрыятычнай праграме:

– Аповед пра Дзмітрыя Карбышава выклікаў эмацыянальны водгук дзяцей і дарослых. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны павінны ісці ад сэрца да сэрца прадстаўнікоў розных пакаленняў. Такая сувязь была відавочнай на гэтай сустрэчы...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара