Літаратурны марафон «Сэрцам роднага слова краніся» прайшоў у Магілёўскай абласной бібліятэцы


Літаратурны марафон «Сэрцам роднага слова краніся» прайшоў у Магілёўскай абласной бібліятэцы

22.02.2020                                                         Новости


Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі сумесна з абласной бібліятэкай 20 лютага адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы літаратурным марафонам «Сэрцам роднага слова краніся». На свята прыйшлі людзі рознага ўзросту і прафесій: пісьменнікі, прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі, ветэраны, моладзь. Кожны жадаючы мог прачытаць любімы верш на беларускай мове.

Адкрылі свята старшыня Магілёўскага аддзялення СПБ Алесь Казека разам з загадчыкам секцыі беларускай і краязнаўчай літаратуры абласной бібліятэкі Наталляй Багданавай. Алесь Мікалаевіч у прывітальным слове акцэнтаваў увагу на любоў да радзімы, на неабходнасць захавання беларускай мовы, як крыніцы «адвечнага сэнсу”.

Удзел у свяце прыняла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз журналістаў» Святлана Шутава. Яна павіншавала ўсіх з Днём роднай мовы і прачытала верш Алеся Пісьмянкова «Продкі». Святлана Аляксандраўна выказала задавальненне тым, што сярод прысутных шмат моладзі.

Старэйшы сябра Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ Віктар Іванавіч Арцем’еў расказаў аб сваім сяброўстве з Аляксеем Пысіным і азнаёміў прысутных са сваімі новымі кніжкамі. Леанід Іскроў вырашыў напомніць удзельнікам свята пра тое, што менавіта беларускае слова зрабілася асновай для цудоўных вершаў Коласа і Багдановіча.

Шчырае каханне да Радзімы, нязменна цёплыя пачуцці да кожнай дробязі – і мураша, і лісціка − роднай прыроды чуліся ў вершах Валянціны Габрусевай.

Выступленне Марыны Сліўко – гэта, як заўсёды, багацце адценняў і эмоцый.

Алена Кісель знайшла адказ на філасофскае пытанне: ці можна расказаць пра беларускасць на рускай мове?

Нельга было не адгукнуцца на шчырасць лірыкі Уладзіміра Ясева. Нікога не пакінулі абыякавымі цеплыня і пяшчота вершаваных радкоў Жанны Міус.

Подых задуменнасці і інтымнасці адчулі прысутныя ў вершах паэткі Вольгі Бяловай. А юныя артысты яе тэатральнай студыі «У кропку!», бліскуча выканалі творы Віктара Кунцэвіча, Алеся Казекі, Валянціны Габрусевай.

Прадоўжылі марафон члены клуба ЮНЭСКА «Кантакт» ДУДА «Цэнтр творчасці «Эверэст» г.Магілёва вершамі беларускіх класікаў, вядомых магілёўскіх паэтаў і ўласнымі творамі.

Затым эстафета перайшла да членаў літаратурнага аб’яднання «Ветэран» Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў.

Зрэшты, за дзве гадзіны паэтычнага свята кожны знайшоў словы, каб выказаць свае пачуцці, думкі, імкненні. Нехта выкарыстаў радкі, майстроў, а хто і прачытаў свае творы – але ва ўсіх выпадках гучала шчырая мілагучная беларуская мова.

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси