Сяргей Трахімёнак правёў творчыя сустрэчы на Лунінеччыне


Сяргей Трахімёнак правёў творчыя сустрэчы на Лунінеччыне

24.02.2020                                                         Новости


Шчырасць пісьменніка ацанілі вучні самых вялікіх школ абодвух гарадоў раёна, дзе ўпершыню творчыя сустрэчы правёў Сяргей Трахімёнак.

Спачатку юныя і дарослыя гледачы знаёміліся з фільмам, дзе аўтар амаль 50-ці кніг прадстаўлены ў розных выявах. Большую частку жыцця Сяргей Аляксандравіч служыў у органах дзяржаўнай бяспекі, выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка. Займаючыся навукай, дасягнуў ступені доктара юрыдычных навук, стаў прафесарам. З дзяцінства захоплены спортам, і ў свае 70 год працягвае рэгулярныя трэніроўкі, уражвае добрай фізічнай формай. Згуртоўвае слухачоў розных пакаленняў выкананнем вершаў вядомых і не вельмі паэтаў пад уласны акампанемент на гітары.

Пра літаратурныя поспехі С.А. Трахімёнка сведчылі і відэазапісы выступленняў крытыкаў, і ўзнагароды, якіх ўдастоены многія кнігі. Гумарыстычнае завяршэнне роліка, “нарэзанага” з кадраў здымак (а за плячыма госця – салідная фільмаграфія), зняло бар’ер паміж сцэнай і аўдыторыямі. Падлеткі літаральна “закідалі” пісьменніка пытаннямі, на якія Сяргей Аляксандравіч адказваў вельмі сумленна, нават калі яго пазіцыя ішла насуперак сучасным поглядам.

У сваю чаргу і вучні прававых класаў СШ №2 г. Мікашэвічы, і старшакласнікі СШ №2 г. Лунінца ўражвалі шырокім колам цікавасці. Не ўсе ўдзельнікі змаглі задаць свае пытанні – сустрэчы былі абмежаваны рамкамі часу, але дырэктары школ – адпаведна Эдуард Ярмоліч і Мікалай Городковец – запрасілі Сяргея Аляксандравіча наведваць установы адукацыі ў кожны прыезд у наш край.

– З новай кнігай – з задавальненнем! – усміхнуўся пісьменнік.

Самыя неардынарныя пытанні вучняў былі адзначаны прызамі. Кнігі з аўтографам Сяргея Трахімёнка атрымалі Лілія Куімава (9-ы клас, Мікашэвічы) і Дзіяна Раковіч (11-ы, Лунінец), а таксама засталіся ў школьных бібліятэках.

Дырэктар Лунінецкай ЦБС, з якой сустрэўся пісьменнік, запэўніла, што і цэнтральная бібліятэка набудзе яго новыя выданні. Алена Кішкевіч адзначыла, што кнігі карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў. Безумоўна, увагу прыцягне і расійскі часопіс “Раман-газета” з новым творам Сяргея Трахімёнка “Сын прэзідэнта”, што выдадзены да юбілею пісьменніка.

Двухдзённае знаходжанне на Лунінеччыне завяршылася наведваннем храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, у будынку якога ёсць і імянная цаглінка Сяргея Аляксандравіча.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара