Тут слова беларускае гучала…


Пісьменнікі Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ прынялі актыўны ўдзел ў Тыдні роднай мовы

25.02.2020                                                          Новости


Пісьменнікі Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ прынялі актыўны ўдзел ў Тыдні роднай мовы. У кожным дзіцячым садку, у кожнай школе ў гэтыя дні гучала мілагучнае, напеўнае, чароўнае беларускае слова!

Напачатку святочных мерапрыемстваў Зінаіда Дудзюк сустрэлася з вучнямі СШ №17 і ліцэя імя П. Машэрава. Ад яе школьнікі даведаліся шмат новага пра гісторыю станаўлення беларускай мовы. Зацікавіліся паходжаннем некаторых спрадвечна беларускіх слоў. Мерапраемства пакінула ў рабят вельмі добрыя ўражанні.

Падчас святкавання Тыдня роднай мовы працавала і самабытная “Літаратурная альтанка” рамесніцы-казачніцы Вольгі Сандрыкавай. Маленькія слухачы з брэсцкіх садкоў №20 і 60 ахвотна і з цікавасцю паглядзелі лялечныя спектаклі, галоўнымі героямі якіх сталі казачныя персанажы з твораў пісьменнікаў Берасцейшчыны.

Запамінальнымі сталі таксама і сустрэчы з пісьменніцай Галінай Бабарыкай, якая наведала Мачульскую і Альшанскую школы Столінскага раёна. Дзеці з увагай слухалі вершы, прысвечаныя родным мясцінам, гераічнаму мінуламу малой Радзімы.

З песнямі ды вершаваным словам выступіла перад землякамі на Піншчыне Марыя Ляшук, якая ўдельнічала ў святочных мерапрыемствах ў Порычскім Доме культуры.

Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікалі сустрэчы з маладымі пісьменніцамі. Настаўніца Алёна Папко правяла гадзіну роднай мовы ў СШ №2 Бярозы. А Настасся Нарэйка з Каменца наведала СШ №9 Брэста. Юных аматараў паэзіі ўразіла прыгожая самабытная мова Настассі, дзеці з цікавасцю задавалі пытанні, прасілі парады, якія беларускія кнігі варта прачытаць. Настасся расказала пра тое, як праводзіць заняткі з творчымі дзецьмі ў літаратурным гуртку “Жарынка”. Сваімі планамі і набыткамі Настасся таксама падзялілася з вучнямі СШ №2 Каменца.

Масштабнае запамінальнае свята “Мова беларуская” адбылося ў Брэсцкай гарадской дзіцячай бібліятэцы. На ім гучалі беларуская музыка, песні ў выкананні музыкантаў і спевакоў, дзеці захапляліся квэстамі і майстар-класамі, перад імі выступілі брэсцкія лялечныя тэатры, багатым атрымаўся гастрафэст.

А ў літаратурнай кавярні адбыліся сустрэчы з Георгіем Тамашэвічам і Таццянай Дземідовіч. Кожны госць яе мог падпісаць лісток для дрэва ”Мова беларуская” і пазнаеміцца з літаратурай на выставах “Скарбы беларускай культуры”, “Да роднай мовы крок зрабі”, “Вандроўка з бабулінага куфэрка”, “Мова маці маёй – беларуская мова”, “Стравы беларускай кухні”.

Прэс-служба Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ