“Усім сэрцам адданыя роднай зямлі…”


У Дзень роднай мовы ў гімназіі № 35 г. Мінска прайшоў адборачны тур конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі

28.02.2020                                                         Новости


Дзень роднай мовы ў гімназіі № 35 г. Мінска заўсёды адзначаецца святочна. У гэтым годзе ён супаў з адборачным турам конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі. Конкурс прысвечаны 75-годдзю вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы ўжо даўно ўсвядомілі, што кожны новы юбілей вызвалення нашай сінявокай Беларусі — красамоўнае сведчанне мужнасці і гераізму беларускага народа, відавочны і асэнсаваны гістарычны рух наперад нашай Памяці, своесаблівы мост еднасці паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў.

Гэтая чарговая шаноўная дата — не проста частка гістарычнай храналогіі, гэта памяць пра мужнасць тых, хто падарыў нам сённяшняе шчаслівае жыццё пад блакітным небам.

21 лютага 25 удзельнікаў конкурсу прадэманстравалі свой талент шаноўным членам журы і прыхільнікам паэзіі, што запоўнілі ўтульную актавую залу нашай гімназіі. Настаўнікі, вучні 1-11 класаў, бацькі, бабулі і дзядулі прыйшлі паслухаць беларускае слова, падтрымаць канкурсантаў. А ацэньвалі ў гэтым годзе чытальнікаў паэзіі вельмі паважаныя члены СП Беларусі: М.П.Пазнякоў, Л.В.Воранава і артыстка, мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі В.П.Багушынска. Сур’ёзная, крапатлівая  і вельмі справядлівая работа членаў журы сведчыць пра высокі ўзровень правядзення літаратурнага конкурсу.

Уменне членаў журы кампетэнтна, прафесійна абгрунтаваць ацэнку выступлення кожнага вучня робіць наша супрацоўніцтва эфектыўным і вельмі важным, як слушна адзначаюць усе ўдзельнікі гарадскога этапу . Для некаторых гэта парады на будучае, камусьці ўжо на фінальнае выступленне. А такія грандыёзныя выступленні мы пачулі і нават убачылі. Тэатралізаваныя пастаноўкі, эмацыйнае чытанне, акцёрскае майстэрства вельмі ўразілі членаў журы і аўдыторыю.

Пасля выступленняў члены журы падвялі вынікі і вызначылі канкурсантаў, якія будуць прымаць удзел у наступным этапе гарадскога конкурсу.

Наталля ЛОЙКА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры