“Вершаў сярэбраныя гукі”


Адбыўся творчы вечар маладой паэткі, перакладчыцы Вольгі Нікіценка (Івалгі) і прэзентацыя дэбютнай кнігі “Сузор’е птушкі”

01.03.2020                                                         Новости


Пад такой назвай 19 лютага адбыўся творчы вечар маладой паэткі, перакладчыцы Вольгі Нікіценка (Івалгі) і прэзентацыя дэбютнай кнігі “Сузор’е птушкі” ў літаратурным клубе “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22. Сярод гасцей – выдатныя беларускія паэты, пісьменнікі, сябры творчай суполкі, чытачы кніжніцы, навучэнцы СШ№25 8-х “Б” і “В” класаў.

Пачала сустрэчу загадчыца бібліятэкі Каржанеўская Аляксандра, якая павітала прысутных і прадставіла госцю. Потым узяў слова кіраўнік літаратурнага клуба, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, паэт, празаік, перакладчык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. Ён звярнуў увагу, што нягледзячы на свае 17 гадоў, Вольга дасягнула поспехаў у жыцці і творчасці. Шчыра павіншаваў з першай кнігай і запрасіў уступіць у члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзілася Вольга Нікіценка ў 2002 годзе ў Віцебску. Пачала пісаць вершы з ранняга дзяцінства, але сур’ёзнае стаўленне да гэтага занятку ўзнікла ў дзявятым класе, калі Вольга ўдзельнічала ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Дзякуючы сваёй настаўніцы Вользе Міхайлаўне Каламійцавай родная мова стала мовай яе вершаў. Скончыла Ліцэй БДУ. З’яўляецца студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, перакладчыцкі факультэт (іспанская ды англійская мовы).

Піша вершы і кароткую прозу, паглыблена вывучае беларускую мову, перакладае на яе творы любімых паэтаў. Займаецца маляваннем, у асноўным працуе ў жанры ілюстрацыі і партрэта. Аўтар кнігі “Сузор’е птушкі”.

У 2019 годзе ўвайшла ў лік дзесяці мацнейшых маладых паэтаў Беларусі. Лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу “Першацвет”(2019), пераможца Фестывалю цікавай паэзіі “Сабака Керуака” (3 месца, Санкт-Пецярбург, 2018), уладальніца Гран-пры на конкурсе БрамаМар-юні ў намінацыі Паэзія (2019), пераможца іншых шматлікіх конкурсаў. Вольга піша вершы пра лёсы людзей старэйшага пакалення, пра каханне, вайну, кінутых жывёл. Усе гэтыя тэмы вельмі блізкія ёй.

Потым цёплыя словы прагучалі і ад вядомага паэта, перакладчыка, філолага, педагога, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міколы Шабовіча, якога Вольга лічыць сваім паэтычным настаўнікам. 

На працягу вечара Вольга чытала свае вершы пад музычнае суправаджэнне, распавядала пра свае захапленні, адказвала на пытанні.

Сярод самых любімых аўтараў-класікаў вызначыла Максіма Багдановіча, Барыса Пастэрнака, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Дубоўку, Андрэя Вазнясенскага, Аляксандра Блока, паэтку з Амерыкі Сільвію Плат і многіх іншых. Падзялілася Вольга з прысутнымі і сваімі планамі на будучыню – прафесійна займацца літаратурай, выяўленчым мастацтвам і перакладчыцкай дзейнасцю, дасягнуць поспехаў у мовазнаўстве.

КАРЖАНЕЎСКАЯ А.М., загадчыца бібліятэкі

Фота аўтара