Прадставілі творчасць вядомых сучасных украінскіх паэтаў


У Мінскім гарадскім тэатры паэзіі была прадстаўлена творчасць знакамітых сучасных украінскіх паэтаў Сяргея і Таццяны Дзюбаў

03.03.2020                                                         Новости


У Мінскім гарадскім тэатры паэзіі, што працуе пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы была прадстаўлена творчасць знакамітых сучасных украінскіх паэтаў Сяргея і Таццяны Дзюбаў. Муж і жонка, яны з’яўляюцца  лаўрэатамі  шматлікіх  Нацыянальных і  Міжнародных літаратурных прэмій, аўтарамі шматлікіх кніг, перакладзеных на шматлікія мовы свету і выдадзеных у розных краінах. Паэты жывуць у Чарнігаве. Таццяна Анатольеўна Дзюба да таго ж доктар  навук па сацыяльных камунікацыях, педагог, журналіст, літаратуразнавец, крытык, перакладчык Сяргей Віктаравіч Дзюба — кіраўнік  гарадской арганізацыі Нацыянальнага Саюза журналістаў Украіны, прэзідэнт Міжнароднай літаратурна-мастацкай акадэміі Украіны празаік, перакладчык, драматург, крытык. Усе свае кнігі ён прысвячае жонцы. Паміж нашым сталічным аддзяленнем і пісьменнікамі Чарнігава паладжаны плённыя літаратурныя стасункі.

У Чарнігаве вялікім тыражом у перакладзе на ўкраінскую мову выйшла кніга вершаў Міхася Пазнякова, “Цяпло рамонкавай завеі” а ў Мінску кніга вершаў Сяргея і Таццяны Дзюбаў “Горад Зіма” у перакладзе на беларускую мову Міхася Пазнякова, лаўрэата  шасці Міжнародных літаратурных прэмій Украіны, акадэміка  Міжнароднай літаратурна-мастацкай акадэміі Украіны.

Сцэнарыстам і рэжысёрам спектакля была абрана таленавітая Святлана Барысаўна Яфрэмава. У галоўных ролях выступілі студэнты Дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, акцёры студэнцкага паэтычнага тэатра “Рытмы сэрца” пад кіраўніцтвам Кацярыны Федасееўны Салата. Арём Неўмяржыцкі, Кацярына Грыневіч, Уладзімір Місневіч і Валерыя Гаўрыленка. Песні на вершы Сяргея і Таццяны Дзюбаў напісала і выканала непаўторная Таццяна Жылінская — таленавітая паэтэса, педагог, бард. Музычнае афармленне спектакля з густам зрабіла  Ганна Красоўская.

Ну, а напачатку паэтычнага спектакля і ў фінале прагучалі ўкраінскія песні ў выкананні выдатнага спевака Аляксандра Валодчанкі.

Адкрыла ж мерапрыемства вершам Міхася Пазнякова “Украіне” мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі Вольга Багушыньска. Апранутая ў нацыянальнае ўкраінскае аддзенне, яна надала імпрэзе асаблівы  настрой і каларыт.

Затым дырэктар Тэатра паэзіі М. П. Пазнякоў расказаў аб супрацоўніцтве  з украінскімі калегамі і пазнаёміў з творчымі біяграфіямі Сяргея і Таццяны  Дзюбаў. Пасля яго выступлення гледачы выслухалі відэазварот Сяргея Дзюбы да ўдзельнікаў гэтага святочнага мерапрыемства, якое выклікала дружныя апладысменты і шматлікія словы падзякі наведвальнікаў тэатра.

Павел КУЗЬМІЧ

Фота Ганны Красоўскай