"Не старэюць душой ветэраны"


Абласны агляд-конкурс XV рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў

13.03.2020                                                          Новости


Абласны агляд-конкурс XV рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў "Не старэюць душой ветэраны" прайшоў у Магілёве на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

Госці і ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з разнастайнымі работамі на выставе дэкаратыўна-прыкладнага і выяўленчага мастацтва. У рамках канцэрту было прадстаўлена 18 нумароў у розных жанравых катэгорыях: вакальна-харавое, музычнае, харэаграфічнае, тэатральнае, сольнае выкананне і інструментальная творчасць.

У падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства прынялі ўдзел члены Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Перад пачаткам імпрэзы ў фае канцэртнай залы "Магілёў" тэатральнай студыяй "Ў кропку!" ДУА "Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў №1", (пад кіраўніцтвам члена Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгі Бяловай), для ўдзельнікаў і гледачоў была арганізавана паўгадзінная тэатралізаваная паэтычная праграма "Крылаў неба бяскрайні размах". Яна складалася з двух тэматычных блокаў: ваеннага і народнага. Юныя артысты чыталі вершы А.Куляшова, А.Казекі, В.Габрусевай, В.Кунцэвіча.

Канцэртная праграма пачалася з верша старшыні Магілёўскага аддзялення СПБ Алеся Казекі "Дзе цябе адшукаць, песня роднай зямлі?" ў выкананні аўтара. Гэты твор з'явіўся ключом да ўсёй канцэртнай праграмы агляду-конкурсу. На працягу больш за паўтары гадзіны са сцэны гучалі мелодыі-песні роднай зямлі.

Любоў да роднага краю, роднай культуры, роднай мовы пачынаецца з любові да маці. Менавіта аб гэтым у сваім вершы "Ранак Прыкам’я" гаварыла Вольга Бялова.

Ваенны блок адкрыла Марыя Волкава (тэатральная студыя "У кропку!") вершам А.Казекі "Вечная память павшим".

Са сцэны гучалі вершы не толькі ў выкананні вядучых, але і саміх аўтараў.

Часткі цікавай і таленавітай канцэртнай праграмы гучалі як адзінае цэлае, аб’яднаныя творамі магілёўскіх пісьменнікаў.

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ