Вакол праблемы


11 сакавіка 2020 года ў Гродзенскай грамадскай літаратурнай школе прайшлі чарговыя заняткі

17.03.2020                                                          Новости 


11 сакавіка 2020 года ў створанай нашай пісьменніцкай арганізацыяй Гродзенскай грамадскай літаратурнай школе прайшлі чарговыя заняткі, прысвечаныя структурным элементам зместу літаратурнага твора. На гэты раз прадметам для вывучэння стала паняцце "праблема", праблема як сродак творчага і сацыяльнага  дыялогу. 

Нагадаем, што мінулы, лютаўскі занятак быў прысвечаны вывучэнню сумежнага паняцця "тэма". 

Спачатку прысутныя пазнаёміліся з вызначэннем праблемы як сродку дыялога, пастараліся ўразумець яе адрозненні ад тэмы твора. Падмена паняцця "праблема" паняццем "тэма" з'яўляецца грубай памылкай і, тым не менш, даволі распаўсюджанай. Таксама падчас заняткаў мы паспрабавалі прасачыць, як праблема звязваецца з тэмай, вызначылі, што такое праблематыка, пералічылі традыцыйныя і вечныя праблемы ў літаратуры. Асноўная выснова: праблема –  гэта складанае пытанне, пастаўленае ў творы, якое вырашаецца або застаецца нявырашаным, але аўтарам паказваюцца шляхі яго вырашэння. Аўдыторыю сакавіцкага занятку ў Гродзенскай грамадскай літшколе склалі прадстаўнікі розных пакаленняў, члены СПБ і літаратары-аматары. Слухачам было прапанавана на практыцы праявіць атрыманыя або наяўныя веды. Кожны з аўтараў зрабіў гэта па-свойму. Бо ўсе мы розныя, зразумела, маем права на творчую свабоду нават у рамках грамадскай літаратурнай адукацыі. Некаторыя творы, экспромтам напісаныя прама на занятку, заслугоўваюць высокай ацэнкі. На здзіўленне сярод народжаных у практычным блоку тэкстаў пераважалі паэтычныя. Былі проза, публіцыстыка і нават сатыра. Сваімі назіраннямі за ходам заняткаў падзялілася член СПБ, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, паэтэса, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аліна Эдмундаўна Сабуць (на фота). Ад Аліны Эдмундаўны мы таксама пачулі карысныя парады стратэгічнага характару для паслядоўнай і больш эфектыўнай работы нашага праекта. 

Гутарка аб чарговым элеменце зместу літаратурнага твора ў чарговы раз пацвердзіла вострую неабходнасць такіх даследаванняў, яшчэ раз падкрэсліла ўзаемную адказнасць літаратара і грамадства. Перш, чым задаць пытанне чытачу, аўтар спачатку задае яго сабе. Таму многае з пачутага, напісанага і абмеркаванага на занятку адрознівалася шчырасцю і нават інтымнасцю. Унікальнасць гутарак творчага, інтэлектуальнага кшталту ў тым, што паняцце праблемы тут напаўняецца выключна станоўчым значэннем; разглядаецца ў канструктыўным стваральна-асветніцкім рэчышчы. 

Супольнасць аўтараў мае патрэбу ў падтрымцы актуальнымі ведамі. Гэтая думка была агучана паэткай Аленай Шаламіцкай. Але своеасаблівага дзейснага гаджэту, універсальнага сродку для эфектыўнага вырашэння творчых задач не існуе. Усё вельмі індывідуальна. Як і падыход кожнага слухача да нашых заняткаў. Так, навакольны свет мае шмат супярэчнасцяў і мноства праблем. Несупадзенне асабістых і грамадскіх інтарэсаў – адна з іх. Свет літаратуры даволі яскрава адлюстроўвае грамадскую праблематыку. Таму з павагай да нашых індывідуальных асаблівасцяў і поглядаў пастараемся захаваць творчае і духоўнае адзінства. Менавіта ў гэтым бачыцца вырашэнне многіх праблем у творчасці і жыцці. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ