12-13 сакавіка ў Мінску сабраліся ўдзельнікі Першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму


12-13 сакавіка ў Мінску сабраліся ўдзельнікі Першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму

20.03.2020                                                          Новости 


Нядаўна ў Беларусі адбылася важная падзея, якую даўно чакалі даследчыкі роднага краю. 12-13 сакавіка ў Мінску сабраліся ўдзельнікі Першага Рэспубліканскага краязнаўчага форуму, арганізаванага Нацыянальным гістарычным музеем і Беларускім фондам культуры. Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы  Міністэрстваў культуры і інфармацыі Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі, Саюза пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкага дома “Звязда”. На адкрыцці форуму прысутных віталі старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт НАН Беларусі Ігар Марзалюк, намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская. З дакладамі на пленарным паседжанні выступілі акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лакотка, дырэктар Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Ігар Капылоў, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, старшыня ГА “Беларускі фонд культуры” Тадэвуш Стружэцкі і іншыя.

На форуме, які праходзіў у межах Года малой радзімы, прысутнічала каля 230 краязнаўцаў, навукоўцаў, школьнікаў і студэнтаў. На секцыях разглядалася роля краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай працы і вучэбна-выхаваўчым працэсе, вялася гутарка пра экалагічнае краязнаўства і турыстычную дзейнасць, пра пазашкольнае краязнаўства. Плённа працавала секцыя “Асоба ў краязнаўстве”, у якой мне давялося браць удзел (мадэратары – Уладзімір Гілеп, галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” і Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні ГА “Беларускі фонд культуры”). Яе ўдзельнікі даведаліся пра лёс многіх беларускіх краязнаўцаў, абмяняліся вопытам працы і атрымалі вялікі зарад энергіі для далейшай даследчай дзейнасці. Падчас працы форуму была арганізавана выстава краязнаўчай літаратуры.

На фінальным пленарным пасяджэнні выступілі кіраўнікі секцый, якія падвялі вынікі працы, была прынята выніковая рэзалюцыя форуму, дзе, між іншым, адзначалася неабходнасць стварэння ў Беларусі краязнаўчага таварыства. Тады ж адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу краязнаўчай літаратуры. Прысутныя  выказалі пажаданне, каб правядзенне краязнаўчага форуму на рэспубліканскім узроўні стала добрай традыцыяй. Хочацца падзякаваць арганізатарам гэтага важнага мерапрыемства за магчымасць яшчэ раз дакрануцца да таямніц гісторыі роднай зямлі.

Святлана КОШУР, краязнаўца, член СПБ