БАЦЬКОЎСКАЯ СУБОТА


Вучні СШ №1 г. Лунінца наведалі старыя могілкі па вуліцы Савецкай

25.03.2020                                                         Новости


21 сакавіка ў праваслаўных храмах паміналі памерлых. У гэты дзень вучні СШ №1 г. Лунінца наведалі старыя могілкі па вуліцы Савецкай, на якую выходзяць вокны школы. 

Гэтая сустрэча была запланавана яшчэ зімой. Чакалі дэлегацыю Палкінскага раёна Пскоўскай вобласці – малой радзімы Героя Савецкага Саюза Пятра Багданава (11.07.1924-24.08.1945), які пахаваны на лунінецкай зямлі. На Пскоўшчыне захаваўся дакумент 1986 года аб тым, што над магілай шэфствуе першая школа горада, – так і ўсталяваліся завочныя зносіны ў ХХІ стагоддзі. Тры месяцы вялася актыўная перапіска з пошукавым клубам “Купал” рэгіянальнага аддзялення ДТСААФ, юнармейцамі Дабычынскай СШ, дзе вучыўся будучы Герой. На жаль, суровыя рэаліі перанеслі беларуска-расійскую сустрэчу на нявязначаны час. Але вырашылі выканаць той момант з праграмы прыёму, які вельмі важны для патрыятычнага і маральнага выхавання сучаснікаў. 

Тры Героі Савецкага Саюза пахаваны побач – пачынае рад Пётр Багданаў. Да надмагілляў ляглі чырвоныя гваздзікі ад ветэранаў-ваеннаслужачых...

Кароткую біяграфію юнага земляка, якога не паспелі назваць імем па бацьку, паэтычна занатавала цяперашні дырэктар Дабычынскай СШ Лідзія Аркадзьеўна Пракоф’ева. Яе верш з назвай “Навек остался молодым”, прысвечаны Пятру Багданаву, заканчваецца такімі радкамі:

Цена Победы велика! И миллионам – слава,

Людская память – на века, любви народной – лава!

Да, Петр остался молодым, красивым и отважным,

Навек потомками любим! А это в жизни важно…

Вучні і настаўнік Андрэй Мікалаевіч Кіслюк стаялі побач з прадстаўнікамі раённых арганізацый ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы”. Успрымала дзяцей як надзейную змену пакаленням, якія выканалі свой абавязак па абароне Айчыны; як юнацтва краіны, што 75 год не ведала вайны, з жаданнем зрабіць усё, каб працягваўся мір на шматпакутнай беларускай зямлі. І думала, што хлопчыкі і дзяўчынкі на прыкладзе Пятра Багданава абавязкова ўсвядомяць, што заслужыць вечную памяць – “это в жизни важно”...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Сяргея Карпуковіча