Віншуем!


Віншуем!

28.03.2020                                            Слово писателю


За шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні ў літаратурнай дзейнасці і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння аб’яўлена Падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дудзюк Зінаідзе Іосіфаўне, беларускай пісьменніцы, члену грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Саюз пісьменнікаў Беларусі і Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі далучаюцца да віншаванняў і жадаюць Зінаідзе Іосіфаўне моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, бясконцага натхення, новых творчых вяршынь і дасягненняў!

Празаік, паэт, перакладчык, драматург Зінаіда Дудзюк нарадзілася 29 сакавіка 1950 года ў мястэчку Слабодка Браслаўскага раёна, скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А.М. Горкага ў Маскве. Працавала інжынерам, карэспандэнтам, загадчыкам літаратурнай часткі драмтэатра.

За сваю творчую дзейнасць Зінаіда Іосіфаўна выдала больш за пяцьдзясят кніг. Яна з’яўляецца аўтарам шэрагу раманаў і драматычных твораў, у тым ліку казак-пьес для дзяцей, дакументальных нарысаў, займаецца перакладамі.

Высокі творчы прафесіяналізм Зінаіды Іосіфаўны адзначаны шматлікімі міжнароднымі і рэспубліканскімі дыпломамі, прэміямі. У 2018 годзе пісьменніца атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі “Публіцыстыка”, у 2019 годзе ўзнагароджана прэміяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі “Літаратура, журналістыка, крытыка”. Пераможца абласнога літаратурнага конкурсу “Духоўная веліч-2018”.

У апошні час пісьменніца ўзначальвае літаратурны клуб “Адкрыццё” пры гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, дзе праводзіць літаратурную вучобу для маладых паэтаў і празаікаў.

 

Зінаіда Дудзюк

***

Сёння гусі вяртаюцца з выраю,

Выйду раніцай іх сустракаць.

Пастаю пад вялікімі крыламі,

Каб па-новаму дзень распачаць.

 

Не ляцець мне птушынай дарогаю,

Па жыцці іншы рух у людзей

Між сваімі й чужымі парогамі

У здзяйсненні намераў, надзей...

 

Як шкада, што ўсё хутка мяняецца:

Сёння -- радасць, а заўтра -- туга.

І не ведаеш, што напаткаецца

На загадкавых тых берагах.

 

РАСКОЛ 

На сасне, што нас помніць з табою,

Навальніца пакінула знак:

Раскалола вяршыню надвое,

Каб вялікую тайну спазнаць.

 

А сасна пад раз’ятраным ветрам

Зарыпіць і двайной галавой

Азірае пушчанскія нетры

Ды палохае звера сабой.

 

Расхінае балючае вецце:

Развядзе або стуліць раскол…

…Гэта лёсу бязлітасны  вецер

Вершыць суд непадкупнай рукой.

 

АЎКЦЫЁН 

Быльнягом зарасло ўсё наўкола,

Ні сцяжынак былых, ні дарог.

З малатка пойдуць лазня і школа,

Што ні Бог, ані люд не збярог.

 

За рубель, можа, купяць будынкі,

Прыстасуюць пад нешта дзе-як.

Ходзіць роспач з тугою ў абдымку,

Скуль жыццё адляцела няўзнак.

 

Век старыя дагаравалі,

Моладзь рынулася ў гарады.

І звяліся тут людзі памалу

Без вайны ці інакшай бяды.

 

*** 

У варон няма святочных дзён,

Бо штодня шукаць патрэбна ежу.

Ці стары ты ўжо, ці маладзён,

Будзь зламысны, жорсткі і драпежны.

 

Рві здабычу з лап сваіх сяброў,

Каб з пустою торбай не застацца.

Слабакі чаўпуць штось пра дабро,

Пра спагаду, роднасць і сваяцтва…

 

Дужаму задумацца калі?

Ён заўжды ці ў пошуку, ці ў справе…

Мо тады, як схіліць да зямлі

Смерць і чорнай памяццю зняславіць?.. 

 

МАНАЛОГ ВАЙСКОВАГА ПАЛІГОНУ 

І дзень і ноч тут вучаць забіваць,

А кажуць, што абараняць Радзіму.

Люблю жыццё! Хачу я, каб трава,

Хоць пустазелле ды на мне радзіла.

 

З людское ласкі я палеткам быў,

Гарматам успамінаў тых не сцерці:

Жыты, як лес, да часу малацьбы...

За грэх які я стаў палеткам смерці?

 

...Той грэх не мой, а чалавецтва грэх.

Пакуль жыве ў ім хцівасць і варожасць,

Валодаць прага -- вось што верх бярэ!

А ці сабой яно валодаць можа?

 

У  войнах, у палітыцы, сяўбе

Ты, чалавек, затузаны, стамлёны,

Спыніся ў барацьбе супраць сябе,

Засей адборным зернем палігоны!

 

*** 

Не хапае духу ў зімы,

Хоць і сыпле прыгаршчамі крупы.

І дарэмна ёй застацца рупіць

Паміж дрэў задумнае гурмы.

 

Снег ляціць і растае на грудзях

Пацяплелай матухны-зямлі.

Пра сяўбу натхнёна мараць людзі,

Прадчуваюць свежы пах раллі.