Ініцыятыва творчая і грамадзянская


Да 75-годдзя Вялікай Перамогі Гродзенскае абласное аддзяленне СПБ стварыла на сваім інтэрнэт-сайце новую тэматычную рубрыку “Даніна памяці”

09.04.2020                                                          Новости


Да 75-годдзя Вялікай Перамогі Гродзенскае абласное аддзяленне СПБ стварыла на сваім інтэрнэт-сайце новую тэматычную рубрыку “Даніна памяці”. 

2020 год з'яўляецца шмат у чым знакавым для беларускага грамадства. Перш за ўсё, гэта 75-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтай святой даце адводзіцца важнае месца ў творчасці літаратараў нашага рэгіёна, надаецца самая пільная ўвага ў айчыннай інфармацыйнай прасторы. Таксама бягучы 2020 год з'яўляецца выніковай мяжой у трохгоддзі малой радзімы (2018-2020). Натхнёнымі яе сакральным вобразам і тэмай Вялікай Перамогі нам пашчасціла жыць і працаваць пад мірным небам, выхоўваць дзяцей, пераадольваць цяжкасці на шляху ў наша заўтра. Мы ўпэўненыя: дзякуючы нашай памяці, яе вечнаму святлу ў людскіх сэрцах, будучыня Беларусі будзе светлай. 

Пра яе, памяць як пра адмысловую каштоўнасць, злучальнае звяно часоў, як пра падмурак гістарычнай праўды і голас душы народнай сказана нямала. Няхай жа новая літаратурная рубрыка, якую пісьменнікі Прынёманскага краю стварылі на сваім інтэрнэт-сайце pisateli.by, зробіць нязгаснае святло нашай памяці яшчэ ярчэйшым. Камусьці праект на міг дапаможа вярнуцца ў мінулае, а камусьці нават пакажа дарогу ў будучыню... У гэтым наша творчая і грамадзянская ініцыятыва. 

Па статыстыцы наведвальнікамі нашага сайта www.pisateli.by штодня з'яўляюцца сотні чалавек. Гэта нашы аднадумцы і апаненты; людзі, зацікаўленыя творчасцю, нашым літаратурным жыццём; карыстальнікі інтэрнэтам не толькі з Беларусі, а з розных краін і кантынентаў. Рубрыка “Даніна памяці” прысвечана жыццю і творчасці нашых калег, якія ў розныя часы пайшлі з жыцця. Засталася спадчына – творчая, жыццёвая, чалавечая. Усё гэта памяць. У рубрыцы пісьменнікі распавядаюць пра сваіх калег, бацькоў, пра людзей, якія іх выхавалі, далі ім пуцёўку ў жыццё. Вы можаце пазнаёміцца не толькі з лёсамі гэтых людзей, але і з іх творчасцю. Як, напрыклад, светлыя, дасціпныя апавяданні Мікалая Коўзелева, бацькі гродзенскай паэтэсы Ірыны Полудзень, якія сталі сапраўдным адкрыццём. З дапамогай калег са Слоніма мы таксама расказалі аб жыцці і творчасці выдатнага чалавека, ветэрана баявых дзеянняў у Афганістане, члена СПБ, паэта Івана Сяргейчыка. Працягнуў справу наш патрыярх, беларускі паэт Браніслаў Ермашкевіч з аповедам пра сваіх бацькоў і нізкай ваенна-патрыятычнай лірыкі, прысвечанай памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны і радасці Вялікай Перамогі. У матэрыялах рубрыкі выкарыстоўваюцца шматлікія архіўныя дакументы і фотаматэрыялы. Некаторыя з іх – з сямейных архіваў – дагэтуль не былі апублікаваныя. Таму, спадзяемся, новы праект, апроч іншых, мае і гістарычна-краязнаўчую, асветніцкую каштоўнасць. 

Дзякуючы памяці, стужка нашага жыцця працягваецца. Задача праекта ў тым, каб увага і павага да нашага мінулага, да людзей, якія атачалі нас учора, сёння сталі нормай нашага існавання, прыкладам для моладзі. Не ведаючы свайго мінулага, чалавек не здольны пабудаваць будучыню – нярэдка даводзіцца чуць з розных крыніц. Дык няхай жа наша новая справа, новая рубрыка нашага сайта пад назвай “Даніна памяці” стане чарговай будаўнічай пляцоўкай нашай будучыні.

Шаноўныя сябры! Сардэчна запрашаем вас на наш сайт, у новую рубрыку ”Даніна памяці”: 

http://pisateli.by/danina_pamiazi/index_danina.html 

А ў выпадку, калі ў вашай памяці і памяці блізкіх вам людзей ёсць старонкі пра Гродзеншчыну, запрашаем вас да сатворчасці. Дасылаць матэрыялы для рубрыкі можна на электронны адрас postmaster@pisateli.by з пазнакай “Даніна памяці”. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ