“Няўжо забыцца можна пра вайну...” – кніжная навінка пісьменнікаў Міншчыны


Выйшаў новы калектыўны зборнік Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

24.04.2020                                                          Новости


“Няўжо забыцца можна пра вайну…” – так называецца новы калектыўны зборнік Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. У зборнік увайшлі вершы, малая проза і тэксты песень 28-мі пісьменнікаў Міншчыны – удзельнікаў літаратурна-песеннага конкурсу і членаў яго журы, які прысталічнае аддзяленне правяло ў мінулым годзе да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Святочная імпрэза, складзеная з выступлення ўдзельнікаў конкурсу, падвядзення яго вынікаў у песенным жанры і ўнагароджання пераможцаў, адбылася ў канцы чэрвеня мінулага года ў рэспубліканскім Палацы Ветэранаў. На 4-й старонцы вокладкі кнігі размешчаны памятны фотаздымак, зроблены напрыканцы мерапрыемства. 

Пазнаёміцца з творамі, уключанымі ў зборнік, можна на сайце Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюза пісьменнікаў Беларусі” (http://maaspb.by/) і на яго афіцыйнай старонцы на інтэрнэт-рэсурсе “Facebook”, дзе яны рэгулярна публікуюцца пад рубрыкай “Літаратурны марафон “Святло Вялікай Перамогі”. 

Віншуем пісьменнікаў Міншчыны з выхадам зборніка і зычым ім новых творчых поспехаў і кніг, а чытачам – прыемнага чытання!

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА СПБ