«Сустрэчы з Караткевічам» праходзяць у «Светачы»


«Сустрэчы з Караткевічам» праходзяць у «Светачы»

30.04.2020                                                          Новости


Парадак жыцця, характар многіх зацікаўленняў сёння фарміруюць знешнія абставіны — калі і на лішнюю сустрэчу людзі не адважваюцца, калі збірацца разам не рызыкуюць. Пандэмія каранавіруса, акрамя фізічных, эканамічных удараў, б’е па духоўным жыцці, па развіцці чалавека і грамадства. І шмат якія рупліўцы стараюцца не згубіць вечныя прыярытэты...

А ў мінскай кнігарні «Светач» тым часам распачата серыя мерапрыемстваў пад агульнай назвай — «Сустрэчы з Караткевічам» у «Светачы». Штотыдзень паэт, празаік, літаратурны крытык, публіцыст Алесь Бадак запрашае да размовы перад відэакамерай пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, мастакоў, якія былі знаёмыя з Уладзімірам Караткевічам у розныя гады, якія спрычыніліся да выдання яго творчай спадчыны, якія шмат што зрабілі дзеля ўшанавання памяці пра класіка беларускай літаратуры.

Першым суразмоўцам Алеся Мікалаевіча выступіў паэт Леанід Дранько-Майсюк, які расказаў пра асабістыя сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам, пра сваю цешчу — перакладчыцу Валянціну Шчадрыну. Менавіта яна пераўвасобіла на рускую мову раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», іншыя творы класіка. 

Запіс караткевічаўскага дыялогу двух літаратараў ужо размешчаны ў Інтэрнэт-прасторы. Знайсці ролік можна і на розных сайтах — ААТ «Белкніга», Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, выдавецтва «Мастацкая літаратура», Інтэрнэт-партала «Созвучие: литература и публицистика стран Содружества», Выдавецкага дома «Звязда». 

Следам за Леанідам Дранько-Майсюком суразмоўцамі Алеся Бадака выступяць Адам Глобус, Вячаслаў Рагойша, Анатоль Верабей і некаторыя іншыя знаёмыя, сучаснікі Караткевіча, даследчыкі яго творчасці. 

Сяргей ШЫЧКО

"Звязда"